На пачатку чэрвеня павялічваецца ўжыванне марожанага

11 июня 2016

З надыходам канікул ва ўсіх раёнах Прынёмання адчынілі свае дзверы лагеры працы і адпачынку. Тут чакаюць падлеткаў, якія хочуць карысна правесці тры летнія месяцы на базе школ, устаноў і арганізацый сваёй мясцовасці. Асаблівая ўвага дзецям з няпоўных, шматдзетных сем'яў і цяжкім падлеткам. Усяго ў Гродзенскай вобласці сёлета 115 такіх лагераў. У адным з іх пабывала Вольга Пілянчук.

Гэтыя маленькія елачкі ў Індурскім лясніцтве знаходзяцца на асаблівым рахунку, бо іх даглядаюць выключна леснікі школьнага лясніцтва.

З тонкасцямі вядзення лясной гаспадаркі школьнікі знаёмяцца на курсах лесазнаўства і занятках у школьным лясніцтве. Дарэчы, апошняе было заснавана амаль 50 гадоў таму і мае трывалыя традыцыі навучання. А таму праца ў лесе для юнакоў і дзяўчат - не выключная падзея, а звычайная справа, якой яны займаюцца цэлы год.

Адказна ставяцца да практычных заняткаў школьнікі ў летнім лагеры працы і адпачынку. За 18 дзён змены дзеці даведаюцца шмат чаго карыснага. А бонусам будзе першы заробак.

Працоўныя брыгады пры школах вобласці - яшчэ адна форма карыснага адпачынку. І папулярнасць іх расце. Напрыклад, у гродзенскай школе № 23 падобныя аб’яднанні арганізуюць другі год запар. Пры гэтым колькасць ахвотнікаў сёлета павялічылася ўдвая.

Наталля Кастальцова, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 23 г. Гродна: "Працуюць на такіх відах работ, як добраўпарадкаванне прышкольных участкаў, апрацоўка газонаў, праполка кветнікаў, абразанне кустоў. Працуюць унутры памяшканняў, дапамагаюць пры працы ў інфармацыйна-бібліятэчным цэнтры. Але важна для дзяцей тое, што яны могуць паспрабаваць сябе ў розных відах работ і зразумець, наколькі каштоўная праца дарослых людзей, бацькоў, як нялёгка дастаюцца сродкі".

Выключна працай праграма лагера не абмяжоўваецца. Падлеткаў чакаюць паходы ў тэатры, музеі, басейн.

Варыянтаў адпачынку сёлета ў Гродзенскай вобласці як ніколі шмат. На працягу лета, акрамя лагераў працы і адпачынку, дзеці змогуць наведваць аздараўленчыя, спартыўныя, патрыятычныя і прышкольныя лагеры, гурткі ў цэнтрах дадатковай адукацыі. Цікавыя, карысныя і галоўнае бяспечныя канікулы гарантаваны больш як 40 тысячам школьнікаў.