У Магілёўскай вобласці - сапраўдны бум адкрыцця сацыяльных аб’ектаў

3 октября 2015

Школы, спартыўныя аб’екты, дзіцячыя садкі, амбулаторныя медыцынскія кабінеты. У Магілёўскай вобласці - сапраўдны бум адкрыцця сацыяльных аб’ектаў. Іх крокавая даступнасць дазваляе зрабіць умовы пражывання мясцовых больш камфортнымі. У гэтым пераканалася наш магілёўскі карэспандэнт Крысціна Каранкевіч.

На самай справе дзіцячы сад у мікрараёне Маладзёжны ў Касцюковічах пабудавалі больш за 20 гадоў таму. Але з цягам часу закрылі за непатрэбнасцю - дзяцей было мала.

Сёння ў адноўленым будынку ўсе месцы занятыя. 65 выхаванцаў паспяхова праходзяць адаптацыю. Рабочыя месцы атрымалі амаль 20 чалавек.

У Магілёўскай вобласці апошнім часам значна павялічыўся попыт на дзіцячыя сады і асабліва ясельныя групы: тут і дэмаграфічны ўздым, і пастаянны рост даверу да сістэмы адукацыі.

А вось у гэтым садку адзін з фізкультурных заняткаў абавязкова праводзяць у новым басейне. У мясцовым бюджэце знайшлі 330 мільёнаў, каб запусціць гэты неабходны для дзяцей аб’ект. Малых вучаць плаваць з трох гадоў, і літаральна праз некалькі месяцаў яны ўпэўнена адчуваюць сябе ў вадзе.

Быць здаровымі і актыўнымі ў любым узросце – патрэба часу. Дартс, баскетбол, хакей на траве… Вызначыць лепшых па гэтых відах спорту вырашылі ў Магілёве. У Любужскім лесапарку сабралася каля 200 магіляўчан паважанага ўзросту. Сёлета “Сцежка здароўя” з мерапрыемства раённага маштабу ператварылася ў агульнагарадскую акцыю.

Прысвяцілі яе да Дня пажылых людзей. Ветэраны Вялікай Айчыннай, ветэраны працы, удзельнікі клубаў па інтарэсах - бадзёра дэкламавалі дэвізы сваіх каманд. Нягледзячы на ўзрост удзельнікаў, дух суперніцтва панаваў на кожнай пляцоўцы. У кожнага з іх - свой сакрэт даўгалецця.

І яшчэ адзін важны сацыяльны аб’ект у вобласці. Пасля аднаўлення гатовы прымаць пацыентаў Магілёўскі хоспіс. Аддзяленне паліятыўнай дапамогі пачалі рэканструяваць у 2013-м. Так, хіміятэрапеўтычны корпус адрамантавалі, а на месцы былога радыёлагічнага пабудавалі новы.

Магілёўскі хоспіс - гэта два карпусы з зімовым садам. Усе нумары абсталяваны перагаворнай сістэмай, пакоі светлыя, з вялікімі вокнамі. У кожным з іх могуць размясціцца 3 чалавекі. Паўсюль абавязкова безбар’ернае асяроддзе.