У Магілёве з’явілася Алтайская даліна

14 ноября 2015

Такую незвычайную назву атрымала пляцоўка для выгулу і дрэсіроўкі сабак. Ініцыятарамі яе з’яўлення сталі самі ўладальнікі. Яны самастойна ажыццявілі ідэю. На пляцоўцы ёсць снарады для аджыліці, на іх гадаванцаў рыхтуюць да ўдзелу ў спаборніцтвах самага высокага ўзроўню. Падрабязнасці ў маёй калегі Крысціны Каранкевіч.

Алтайскай далінай гэтую пляцоўку ў гонар свайго сабакі назваў ініцыятар яе стварэння. Цяпер тут адначасова могуць гуляць 15-20 сабак. Тэрыторыю недалёка ад набярэжнай Дубравенкі выдзеліла ЖЭУ, усё астатняе ўладальнікі сабак зрабілі самі.

Некаторыя гараджане са сваімі чатырохногімі сябрамі прыязджаюць на пляцоўку з розных мікрараёнаў Магілёва.

Асвятленне было б дарэчы, кажуць людзі. Аднак выкарыстаць для гэтага светлавую апору, што знаходзіцца побач з пляцоўкай, не атрымаецца. Яна высакавольтная. Але вырашыць пытанне з пад’язной дарогай да пляцоўкі можна.

У абласным цэнтры, паводле слоў спецыялістаў, больш за 30 пляцовак для выгулу сабак. Пакуль што для Магілёва гэтага дастаткова, адзначаюць камунальнікі. Тым больш што з такой прапановай уладальнікі сабак не звяртаюцца.