У Магілёве кожнае векавое дрэва цяпер на ўліку

22 апреля 2017

У Магілёве эколагі стварылі інтэрактыўную карту з самымі старымі дубамі, вязамі і соснамі. У сучасным рытме, у якім развіваюцца гарады, яна сапраўдны дапаможнік для камунальных службаў і гісторыкаў. Эколагі вырашылі, што трэба не толькі захаваць прыродную спадчыну. Яны прапанавалі нават даваць старым дрэвам Магілёва імёны у гонар знакамітых людзей, альбо падзей.

Андрэй Ястрабаў - пра звычайную ініцыятыву гараджан. Гэты старажытны дуб перажыў Кастрычніцкую рэвалюцыю, яго цудам не пашкодзілі бамбёжкі ў Вялікую Айчынную вайну. Нават падчас вялікай забудоўлі горада на яго не пасягнуў ніводны экскаватар. Цяпер ён упрыгажэнне абласнога цэнтра і гонар Магілёўскага РАУС, які размясціўся побач. Цяпер за дрэвам пільная ўвага. І нават справу на яго завялі.

Больш за сотню шматвекавых волатаў знайшлі у Магілёве эколагі. Напрыклад, чарэшчаты дуб у двары старога горада на Мянжынцы. Альбо вось гэты - чатыры метры ў абхваце - на старажытных Успенскіх могілках. Захаваўся ў абласным цэнтры і самы вялікі ясень - больш як паўтара метра ў дыяметры. На кожнае дрэва зрабілі фотадасье і адзначылі на віртуальнай карце горада.

Такую карту лёгка заліць на смартфон і карыстацца. У чарзе на даследаванні - Пячэрскі лесапарк. Любімае месца адпачынку гараджан.

Сабраныя даныя магілёўскія эколагі накіруюць ў Мінск спецыялістам Інстытута эксперыментальнай батанікі Нацыянальнай Акадэміі навук. Для стварэння базы старых дрэваў па усёй краіне.

Што датычыцца Магілёва – гэты спіс ужо склаў больш за сотню старажытных дрэваў.

З’явілася ідэя не толькі захаваць старыя дубы і ясені. Але і даць ім назвы ў гонар знакамітых людзей, альбо падзей. Такім чынам, хутка атрымаюць свае імёны і гэтыя прыгожыя вязы.