У Мінску аднавілі рух трамваяў

2 сентября 2017

Цяпер - да плошчы Мяснікова! У сталіцы пасля двухгадовага перапынку аднавілі рух трамваяў. Пасажыры могуць карыстацца трамвайнымі маршрутамі нумар 1, 4 і 7. Разам з тым, 901 аўтобусны маршрут, які адкрылі на час рамонту, зняты. Устаноўленыя і новыя прыпыначныя пункты. Аляксандр Харавец ацаніў змены ў транспартнай сістэме сталіцы.

А галоўнае - без перасадак цяпер можна дабрацца да чыгуначнага вакзала з трох канцоў сталіцы на трамваях. Пакуль жа на прыпынках не так шматлюдна - яшчэ не ўсе пасажыры прывыклі да аднаўлення руху першага, чацвертага і сёмага трамвайных маршрутаў. Паводле слоў Таццяны Кулаковай, гэта з'ява часовая. Вадзіцель экатранспарту прызнаецца: сама яшчэ не да канца верыць, што вярнулася на той маршрут, дзе 6 гадоў таму пачыналася яе кар'ера.

З адкрыццём трамвайнага руху адмянілі 901 аўтобус. А 11 трамвай будзе курсіраваць толькі ў часы пік у будні. Па вуліцы Кастрычніцкай экатранспарт пакуль хадзіць не будзе. Тут вядуцца рамонтныя працы. На вуліцы Платонава таксама ўсталявалі новыя прыпынкі. Яны маюць новы дызайн і большую плошчу.

Па рэйкавай дарозе тры трамвайныя маршруты будуць курсіраваць прыкладна паўгода. Пасля чаго рух гэтага віду транспарту зноў закрыюць. Паводле слоў спецыялістаў, участак пуці, які вядзе да плошчы Мяснікова, закрыюць на рэканструкцыю.

Сталічныя ўлады падкрэсліваюць: аднавіць рух плануюць да пачатку другіх летніх Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у 2019 годзе.

З прыходам восені грамадскага транспарту на гарадскіх вуліцах стала значна больш - адпускны сезон скончаны. І гэта не апошняе павелічэнне. З 16 верасня і 18 кастрычніка колькасць аўтобусаў і тралейбусаў на самых загружаных участках ізноў вырасце.