У Мінску адкрылі дзіцячы сад з інтэрактыўнымі сталамі, басейнам і нават веладарожкамі

8 сентября 2018

Адразу тры дзіцячыя садкі адчынілі свае дзверы для маленькіх наведвальнікаў сталіцы. Трохпавярховыя ўстановы абсталяваны сучаснай мэбляй, камп'ютарнымі класамі, трэнажорнымі заламі. І гэта не прыемны бонус - стандарт сучасных дашкольных устаноў. Так паступова ў Цэнтральным, Фрунзенскім і Ленінскім раёнах вырашаюць пытанне крокавай даступнасці.

Сучасныя садкі стануць пляцоўкамі для ўкаранення перадавых навуковых матэрыялаў. Праект будзе рэалізаваны сумесна з педагагічным універсітэтам і сталічнымі гімназіямі.

Расказвае Юлія Токар.

Гэтым маленькім мастакам няма і пяці гадоў, а яны ўжо ўпэўнена трымаюць пэндзаль і старанна акварэльнымі фарбамі выводзяць залатую восень.

Мастацкая студыя, басейн, музычная зала - і гэта не ўсе магчымасці новага дзіцячага садка ў Фрунзенскім райне. Утульны трохпавярховы будынак сёння адчыніў дзверы для 230 маленькіх выхаванцаў.

Зручнаму месцазнаходжанню рада і матуля Ганна Шчарбачэня. Маладая сям'я цэлы год вазіла маленькую Яну ў садок у другім канцы раёна. Цяпер дашкольная ўстанова амаль у двары.

Яшчэ адно наваселле сёння ў Цэнтральным раёне. Такі ж ўмяшчальны дзіцячы сад адкрылі па вуліцы Мястроўскай. Пабудавалі яго менш чым за год з дапамогай турэцкіх інвестыцый.

Гэты дзіцячы сад можа смела пазмагацца за званне самага сучаснага. Тут не толькі басейн, міні-трэнажоры, камп’ютарны клас. Тут пайшлі далей і абсталявалі веладарожкі з паркоўкай на паўсотню месцаў для друхколага транспарту.

На гэтым падарункі да Дня горада не скончыліся. Заўтра адкрываецца яшчэ адна дашкольная ўстанова ў Ленінскім раёне, а па вуліцы Выгоцкага - інтэрнат для сталічных медыкаў.