У Мінску адкрыюць дзве пешаходныя вуліцы - Камсамольскую і Рэвалюцыйную

23 июня 2018

Яшчэ больш пешаходных сцежак у цэнтры нашай сталіцы. У пачатку ліпеня ў Мінску адкрыюць дзве пешаходныя вуліцы - Камсамольскую і Рэвалюцыйную. Там завяршаецца рэканструкцыя - дарожкі вымашчаны гранітам, новыя клумбы, лаўкі, хутка пачнуць працу і летнія кафэ. Цяпер рух аўтамабіляў на Рэвалюцыйнай і Камсамольскай абмяжуюць - там не будзе месцаў для паркоўкі. Застанецца толькі адна паласа для скразнога транспарту. Пра пешаходныя вуліцы ў цэнтры сталіцы раскажа Наталля Кезік.

Вось так яшчэ год таму выглядалі вуліцы ў цэнтры сталіцы. На Камсамольскай і Рэвалюцыйнай аўтамабілі прыпаркаваныя ў некалькі радоў. Зараз жа, па задумцы архітэктараў, канцэпцыя гэтых дзвюх вуліц у цэнтры горада зменіцца. Літаральна праз тыдзень яны набудуць статус пешаходных.

Пешаходныя дарогі тут вымасцілі гранітам, уздоўж усталявалі прыгожыя ліхтары, разбілі новыя клумбы, высадзілі маладыя клёны. У хуткім часе з'явяцца тут і месцы для адпачынку - летнія кафэ і тэрасы. Адлік часу на вуліцах новага фармату будзе весці вось гэты вялізны гадзіннік. Арт-аб'ект шэсць метраў вышынёй і дзве з паловай тоны вагой усталююць на скрыжаванні Камсамольскай і Рэвалюцыйнай. Скульптуру рабілі паўгода. Кожная дэталь - карпатлівая праца майстроў.

А вось месца для паркоўкі аўтамабіляў тут больш не будзе. Для машын пакінулі адну паласу для скразнога праезду. Але зрабіць гэту зону цалкам свабоднай ад аўтамабіляў пакуль не дазваляе інфраструктура цэнтральнай часткі горада.

Акрамя Камсамольскай і Рэвалюцыйнай, абмежаваны рух транспарту яшчэ на плошчы Свабоды і на чатырох пешаходных вуліцах сталіцы. Яны паміж сабой ствараюць невялікі квартал, свабодны ад насычанага трафіку аўто.

Паступова рэканструкцыя закране пляцоўку ля ратушы, а на скрыжаванні вуліц Нямігі і Камсамольскай з'явіцца скульптура міфалагічнага заснавальніка сталіцы - Менеска.

Магчымасць рабіць пешыя прагулкі і шопінг з нацыянальным каларытам хутка з'явіцца і на набярэжнай Свіслачы. Зараз сталічныя архітэктары праектуюць "Мінскі вернісаж". Своеасаблівы кірмаш-выстава мастакоў, майстроў народных промыслаў і рамеснікаў у найбліжэйшы час пераедзе ў самае сэрца беларускай сталіцы.

Найбольш прывабнай для пешаходаў лічыцца зона Верхняга горада. Там з надыходам лета кожныя выхадныя гаспадарыць "Пешаходка". Гараджане і госці сталіцы з задавальненнем шпацыруюць уздоўж музычнага завулка ці спыняюцца на хвілінку на арт-тэрасе пад акампанемент вулічных артыстаў.

Пешаходныя вуліцы называюць яшчэ і сапраўднай турыстычнай скарбонкай. Прагулкі па брукаванцы, нацыянальныя стравы і кубак гарбаты ў кафэ, сувеніры і музычныя напевы сталічных вуліц абавязкова надоўга застануцца ва ўспамінах кожнага госця.