У Міжнародны дзень тэатра жыхароў Брэста знаёмілі з нефарматным мастацтвам

30 марта 2019

У Міжнародны дзень тэатра, які адзначылі на гэтым тыдні, жыхароў Брэста знаёмілі з нефарматным мастацтвам. Прысудзілі тэатральную прэмію «Залатая афіша». Узнагароды атрымалі лепшыя акцёры, дэкаратары, касцюмеры. Тэатральнае свята наведала і наша здымачная група.

Расказвае Вікторыя Патоня. У гэты вечар у Брэсцкім тэатры драмы гледачоў не прасілі паказваць білеты. Уваход - вольны! І хаця тут не было чырвоных дарожак, ахвочых паглядзець, хто стаў лепшым у 15 намінацыях, сабраўся поўны партэр. Прэмія "Залатая афіша" прысуджваецца раз на два гады за лепшую харэаграфію, музычную кампазіцыю, жаночую і мужчынскую ролі, дэбют, пастаноўку, мастацкае афармленне. Людзям, якія жывуць тэатрам.

Прэмія - гэта своеасаблівы экзамен на прафесійнае майстэрства: ацэньваюць не проста гледачы, а калегі. Галасаванне - таемнае. Неабходна было запоўніць вось такі бюлетэнь. Інтрыга, хто стаў лепшым, захоўваецца да апошняга. Тэатральны вечар у фармаце капусніка. Таму тут публіка змагла ўбачыць і тых, хто часцей за ўсё застаецца па-за сцэнай, хто стварае дэкарацыі, працуе са святлом, прыдумляе касцюмы ды рэквізіты. Галоўны мастак Брэсцкага тэатра драмы Мікалай Палтарака, у якога і нарадзілася чвэрць стагоддзя таму ідэя праводзіць унутрытэатральную прэмію "Залатая афіша", сам неаднаразова станавіўся пераможцам за мастацкае афармленне спектакля. Тэатральны карпаратыў праходзіць весела. Таму не абышлося і без жартоўнай прэміі - "Залатая шышка". Адна з іх дасталася і дырэктару тэатра Вячаславу Гарбузаву за адміністратыўны дэбют. Сама цырымонія нагадвала хутчэй гульню, чым уручэнне прэміі "Оскар".

На сцэну паднімаліся як маладыя акцёры, так і заслужаныя. Тамара Майсеенка Брэсцкаму тэатру аддала амаль паўстагоддзя, у склад трупы трапіла адразу пасля школы. Амплуа актрысы-травесці - ролі хлопчыкаў у дзіцячых спектаклях. Міжнародны дзень тэатра яна адзначае ў вялікай творчай сям’і. Многія акцёры нават падчас прафесійнага свята на працы, у вобразах  дзеля свайго гледача. А сапраўдныя акцёры могуць з лёгкасцю пераўвасобіцца ў анёла ці д’ябла, нават змяніць пол.

Брэсцкі тэатр драмы рыхтуецца да гастроляў. І заўсёды з пашанай ставіцца да гледача. Рэжысёры ўжо працуюць над дзясяткам прэм’ер. Найбліжэйшая -дзіцячы спектакль «Не хачу быць сабакам» - запланаваная на пачатак красавіка.