У Лёзненскім раёне ўзведзены дзве ветраэнергетычныя ўстаноўкі

14 сентября 2019

Прыручыць энергію ветру. Такую мэту паставілі ў Лёзненскім раёне. На прыродным плато інвестар узвёў дзве ветраэнергетычныя ўстаноўкі. Яны ўжо выпрацоўваюць электрычнасць. Са з'яўленнем ветракоў пачалася новая старонка ў развіцці энергетычнай сістэмы рэгіёна - да гэтага моманту ў Віцебскай вобласці энергію ветру не выкарыстоўвалі.

З першага прыезду інвестара ў Лёзненскі раён да запуску ветрагенератараў на пляцоўцы ля вёсак Сіманава, Емяльянава і Горшава прайшло менш за два гады. Спецыялісты вызначылі, што тут моцная энергія ветру. Пераканалася і кампанія-інвестар: цэлы год спецыяльныя ветравымяральныя ўстаноўкі аналізавалі ружу вятроў на Лёзненскім плато. З іх дапамогай і вызначылі самыя выгадныя пункты для ўстаноўкі ветрагенератараў. Вось гэты - сёння самы вялікі ў краіне - узвышаецца на адзнацы 282 метры над узроўнем мора, мае стаметровую вежу і дыяметр ветравога кола 140 метраў. Другі крыху меншы.

Працуюць ветракі аўтаномна. Кантраляваць ўстаноўкі можна праз інтэрнэт з любога  пункта свету. Сумарна за год яны будуць выдаваць 18 мільёнаў кілават/гадзін. Гэта можна супаставіць з гадавым аб'ёмам электраэнергіі, якую спажывае населены пункт з шасцю тысячамі жыхароў.

Аб'ект абышоўся інвестару ў 21 мільён рублёў. Акупіцца, паводле падлікаў, праз сем гадоў. Створаны два працоўныя месцы. Цікава, што прынцыпова новая крыніца электраэнергіі на Віцебшчыне з’явілася праз 115 гадоў пасля ўводу ў строй першай буйной электрастанцыі ў рэгіёне. Дарэчы, акрамя энергіі ветру ў вобласці актыўна выкарыстоўваюць таксама “зялёную” - энергію рэк.

Тым часам энергетыкі не плануюць пакідаць Лёзненскі раён. У рэгіёне будуць і далей развіваць ветрапарк. Колькасць установак тут павялічыцца да дзевяці. За ажыццяўленне інвестпраекта бярэцца турэцкая кампанія.