У Копысі ідзе рэканструкцыя сярэднявечнага гарадзішча

22 апреля 2017

За аснову ўзяты план горада XVII стагоддзя. Будаўнічыя работы кантралююць навукоўцы, бо амаль уся тэрыторыя Копысі ўяўляе сабою культурны слой. У зямлі, якую паднялі экскаватары, ужо знойдзены шэраг артэфактаў: манеты XVII стагоддзя, нацельны крыж, керамічная пляшка. Копысь - адзін з найстарэйшых гарадоў Віцебскай вобласці. Першы ўспамін адносіцца да XI стагоддзя. Наперад у мінулае адправілася Вольга Маслоўская.

Сціплае і ціхае мястэчка на левым беразе Дняпра. Праўда, сёння за шумам будаўнічай тэхнікі пачуць плынь шырокай ракі амаль немагчыма. Копысь абнаўляецца. Зрабіць невялічкі населены пункт утульным для жыцця і зручным для працы – загад Кіраўніка дзяржавы.

Сваёй гісторыяй – цікавай і трагічнай – Копысь заслугоўвае асаблівых адносін. Урок краязнаўства ў мясцовых школьнікаў самы любімы. Вядома: іх родная Копысь крыху маладзейшая за Полацк. А чорны заяц на гербе – напамін пра старажытны занятак продкаў.

Мяркуюць, што і назва адсюль - Копысь. Праз мястэчка ў розны час прайшлі карпусы некалькіх армій: войскі Уладзіміра Манамаха, Пятра Першага. У раёне Копысі фарсіраваў Днепр Кутузаў, а Дзяніс Давыдаў знішчыў французскае кавалерыйскае дэпо. Асобная старонка – Вялікая Айчынная. Падчас кожнай з войн Копысь разбуралі дашчэнту, але горад будавалі нанова. Пра талент і працавітасць мясцовых жыхароў ведалі далёка. З XV стагоддзя Копысь славілася вытворчасцю ўнікальнай мастацкай керамікі.

У падручніку за дзясяты клас напісана: “Да 1913 года на Беларусі было 20 мануфактур, якія выпускалі кафлю. Прычым 14 з іх знаходзіліся тут, у Копысі”. Справа ў тым, што ў гэтай мясцовасці багата чырвонай гліны. Гэта вельмі пластычны прыродны матэрыял, які не баіцца высокіх тэмператур.

Копыская кафля ўпрыгожвала царскія палаты маскоўскага Крамля і фасады Пакроўскага храма ў Ізмайлаве. Магчыма, гэтая пляшка XVII стагоддзя, якую на днях знайшлі на копыскім гарадзішчы, таксама выраб мясцовых ганчароў. Як і ўся Копысь, гарадскі вал - помнік археалогіі - перажывае другое нараджэнне. За ходам рэканструкцыі назіраюць навукоўцы. Зямлю, якую паднімае коўш экскаватара, даследуюць пры дапамозе рыдлёўкі і металашукальніка.

Манеты, гузікі, нацельныя крыжы, спражкі і брошкі. Усе знаходкі адпраўляюць у Мінск на экспертызу.

Не прапусціць артэфакт, але і зрабіць рэканструкцыю гістарычна праўдзівай – задача даследчыкаў з Нацыянальнай акадэміі навук.

За аснову рэстаўрацыі ўзяты план Копысі XVII стагоддзя.

У адпаведнасці з ім на гарадзішчы пабудуюць драўляныя вежы і ўзвядуць частку гарадской сцяны. Дасканалую копію абарончага збудавання абавязкова ацэняць аматары даўніны. Мяркуецца, што пасля рэканструкцыі старажытнае мястэчка на левым беразе Дняпра ўвойдзе ў турыстычны маршрут “Залатое кальцо Віцебшчыны”. 



Зараз чытаюць