У кожным рэгіёне "Полымя міру" затрымліваецца на 6 дзён

18 мая 2019

Крыху больш за месяц застаецца да старту ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску. Атмасфера свята ўжо ў Беларусі, дзякуючы акцыі "Полымя міру". Сёння эстафета агню ўрачыста перададзена Гродну. У кожным рэгіёне "Полымя міру" затрымліваецца на 6 дзён. 

Наколькі яркім быў маршрут па Брэсцкай вобласці,   раскажа Вікторыя Патоня. Падарожжа агню ІІ Еўрапейскіх гульняў па Брэсцкай вобласці пачалося з польска-беларускай граніцы. Момант сустрэчы сімвала спартыўнага свята здымалі не толькі шматлікія СМІ, але і выпадковыя сведкі, хто аказаўся ў пункце пропуску. Першая кропка беларускага этапа эстафеты - Брэсцкая крэпасць. І першай на радзіме з факелам у руках прабегла алімпійская чэмпіёнка па бегу Юлія Несцярэнка.

"Пацалункі агню" на працягу шасці дзён запальвалі сэрцы людзей, якія назіралі за маршрутам эстафеты. Агонь правезлі вярхом на кані і ўпершыню на Брэсцкім вяслярным канале спусцілі на ваду. Як прызнаўся факеланосец, чатырохразовы чэмпіён Еўропы па веславанні на байдарках і каноэ Алег Юрэня, беларускія спартсмены ў гэтым відзе актыўна рыхтуюцца да міжнароднага спаборніцтва.

У Камянцы сімвалічны агонь паднялі на самую высокую кропку горада – адзіную ў Беларусі абарончую вежу, якая захавалася з часоў Сярэдневякоўя. У эстафеце прыняла ўдзел легенда беларускага спорту, двухразовая алімпійская чэмпіёнка па акадэмічным веславанні Кацярына Карстэн. Маршрут эстафеты прайшоў таксама па сцежках Белавежскай пушчы. Агонь правезлі на экалагічна чыстым транспарце.

Нацыянальны парк уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і з’яўляецца самым старажытным лесам Еўропы. Да гэтага часу тут застаюцца запаведныя тэрыторыі, куды не ступала нага чалавека. Канечне, факеланосцы праносяць огонь па турыстычных сцежках. Зараз мы назіраем, як эстафета агню перадаецца ля дуба-патрыярха, якому амаль 6 стагоддзяў! 

"Полымя міру" пабывала і ў гасцях у казкі. Сустракаў дэлегацыю беларускі Дзед Мароз. Маршрут эстафеты пралягае па самых незвычайных мясцінах нашай краіны, дэманструе яе прыгажосць. "За спорт і за мір" - знакамітыя спартсмены, артысты, журналісты, лесаводы і музейшчыкі... Толькі ў Брэсцкай вобласці факеланосцамі сталі звыш паўсотні чалавек. 

Цёпла сустракалі "Полымя міру" і на Палессі. Сімвалічны агонь па гістарычнай частцы Пінска пранеслі вядомыя беларусы, для якіх гэтыя мясціны з’яўляюцца малой радзімай. Палюбавацца непаўторнасцю края можна было падчас невялікага падарожжа на цеплаходзе па рацэ Піне. 

Спусціліся факеланосцы і ў каменную варонку ў Мікашэвічах, дзе вось ужо больш за 40 гадоў здабываюць граніт – горную пароду, якой мільёны гадоў! У кар’ер факеланосцаў даставілі на БелАЗе - машыне-волаце, якую ведаюць ва ўсім свеце, а вырабляюць у Беларусі. 

Свой маршрут па Брэсцкім рэгіёне эстафета "Полымя міру" завяршыла ля сцен унікальнага помніка неагатычнага стылю Косаўскага палаца і сядзібы Касцюшкі. Наступны прыпынак яркай эстафеты - Гродна, дзе сімвалічны агонь прадоўжыць запальваць сэрцы беларусаў. 



Зараз чытаюць