У Гродне паказалі ўнікальную калекцыю вырабаў са шкла

26 марта 2016

Шклянкі, графіны, чаркі для брытанскай каралевы і арабскіх шэйхаў. У Гродне паказалі ўнікальную калекцыю з 200 вырабаў са шкла, сярод якіх і рэчы са сталоў манархаў. Усе экспанаты – вынік творчай працы майстроў з Бярозаўкі даваеннага часу. Каштоўнасць кожнага пацверджана архіўнымі дакументамі.

Аснова калекцыі гродзенскага шкла - фамільныя экзэмпляры сям’і Януша Паруліса - арганізатара выставы і адначасова стваральніка адзінага прыватнага музея ў Гродне. Іншыя прадметы былі знойдзены на месцы старых дамоў, якіх ужо няма ў цэнтры Гродна. Адным з самых цікавых экзэмпляраў можна лічыць асколак талеркі з выявай Напалеона. Кавалак быў знойдзены ў Нёмане. Многія экспанаты памятныя калекцыянеру з дзяцінства. Напрыклад, сервіз, які падаравалі бацькам Януша на вяселле ў 1942 годзе.

Януш Паруліс, гаспадар музея, калекцыянер: "Кожны, хто працаваў, мог без праблем купіць сабе шкло. Карысталіся ім кожны дзень. Тады ніхто не ставіў гарэлку ў бутэльках на стол, а ставілі ў спецыяльным посудзе. Сем'і былі вялікімі. Напрыклад, на вяселле трэба было шмат графінаў".

Стогадовая тара для віна і лекаў, для малака, вады і піва, а да таго ж, шкляныя сокавыціскалкі і незвычайныя мухалоўкі. Да слова, кошт некаторых з прадстаўленых у Гродне прадметаў на аўкцыёнах можа дасягаць больш як 20 долараў. Але эксперты ацэньваюць іх каштоўнасць не толькі ў матэрыяльным плане і робяць акцэнт на культурнай і гістарычнай значнасці вырабаў. Некаторыя сакрэты старых майстроў ужо забытыя.