У Гродне падвялі вынікі дзейнасці бязвізавага рэжыму за 2018 год

5 января 2019

Дзясяткі тысяч замежных турыстаў, новыя гасцініцы, кафэ і рэстараны. У Гродне падвялі вынікі дзейнасці бязвізавага рэжыму за 2018 год. Абласны цэнтр стаў адным з самых прывабных для іншаземцаў гарадоў Беларусі. Падрабязнасці ў рэпартажы Юрыя Карняловіча.

Жыхарка Рыгі Алена Тараканава ў гродзенскі санаторый прыязджае не першы раз. Прызнаецца: якасць паслуг тут на еўрапейскім узроўні, а вось цэны значна ніжэйшыя. Аднак вырашальным фактарам у выбары месца адпачынку стала магчымасць бязвізавага ўезду. Афармленне неабходных дакументаў заняло некалькі хвілін.

У санаторыі створаны ўсе ўмовы. Праведзена маштабная рэканструкцыя, устаноўлена сучаснае абсталяванне. Адпачывальнікі на месцы могуць прайсці поўную медыцынскую дыягностыку. На выбар таксама водныя, касметычныя спа-працэдуры і нават паслугі дантыста.

У выніку за мінулы год толькі гэты санаторый наведалі больш за тысячу бязвізавых турыстаў з краін Прыбалтыкі і Польшчы.

Летась магчымасці для бязвізавага наведвання значна пашырыліся. У бязвізавую зону быў уключаны ўвесь Гродзенскі і частка Свіслацкага раёна. А тэрмін знаходжання павялічыўся да 10 дзён. Цяпер замежныя турысты могуць прыехаць у рэгіён не толькі на аўтамабілі, але і на цягніку, і нават прыляцець на самалёце. Скарысталіся такім правам амаль сто тысяч іншаземцаў з 60 краін свету.

Эканамічны эфект ад бязвізавага рэжыму відавочны. Для абслугоўвання замежных гасцей ужо створаныя сотні новых працоўных месцаў. У турыстычную сферу прыходзяць буйныя інвестары.

Дзякуючы значнаму павелічэнню колькасці бязвізавых турыстаў у Гродне актыўна стала развівацца сацыяльная сфера. Толькі за мінулы год у горадзе адкрылася каля 20 новых кафэ і рэстаранаў. Узводзяцца гасцініцы і хостэлы.

Не менш маштабныя планы і на год бягучы. Плануецца, што ў зону дзеяння бязвізавага рэжыму будзе ўключаны яшчэ адзін – Шчучынскі раён. А гэта дзясяткі старажытных помнікаў архітэктуры, яскравых фестываляў і мерапрыемстваў. Такі падыход дазволіць Гродзенскай вобласці стаць лідарам у краіне па прыцягненні замежных турыстаў.