У Гродне арганізавалі прафілактычныя рэйды па гарадскіх горках, дзе катаюцца дзеці

19 января 2019

"Лепш папярэдзіць няшчасны выпадак, чым потым змагацца з яго наступствамі", - вырашылі ў Гродне і арганізавалі прафілактычныя рэйды па гарадскіх горках, дзе катаюцца дзеці. Апошнія рэзанансныя выпадкі траўміравання непаўналетніх у рэспубліцы падштурхнулі праваахоўнікаў, супрацоўнікаў школ і мясцовых адміністрацый асабіста наведаць месцы актыўнага адпачынку гараджан і нагадаць ім правілы бяспечных паводзін.

У імправізаваным рэйдзе пабываў і наш карэспандэнт Юрый Карняловіч. Падрабязная справаздача - у наступным рэпартажы. 10-гадовы Андрэй з сябрамі на снежнай горцы бавіць увесь вольны час. Знаходзіцца яна ўсяго за 20 крокаў ад дома, таму адразу пасля школы дзеці з задавальненнем катаюцца на санках і цюбінгах. Самі пракладаюць трасы, праўда, надта крутыя спускі пакуль абыходзяць бокам. Бо добра засвоілі правілы бяспечных паводзін.

Прафілактычную працу з дзецьмі праводзяць усе гродзенскія школы. Кожнаму вучню настаўнікі стараюцца асабіста растлумачыць, як правільна, а галоўнае, бяспечна актыўна адпачываць зімой.

Пасля некалькіх рэзанансных у краіне выпадкаў траўміравання дзяцей на горках у Гродне вырашылі максімальна засцерагчы ад небяспекі маленькіх гараджан.

Сустрэць супрацоўнікаў міліцыі разам з прадстаўнікамі мясцовых адміністрацый сёння можна практычна на любой, нават самай невялікай горцы, дзе катаюцца дзеці. Падчас прафілактычнага маніторынгу спецыялісты чарговы раз нагадваюць правілы бяспечнага зімовага адпачынку.

Выяўляюцца таксама і найбольш небяспечныя месцы для катання з горак. У такіх выпадках участкі агароджваюцца, устанаўліваюцца папераджальныя таблічкі.

Прасачыць за ўсімі, прызнаюцца праваахоўнікі, практычна немагчыма. Таму што ў кожным мікрараёне, дзе ёсть нават невялікая снежная горка, за выхадныя бываюць па некалькі соцен чалавек. Таму задача - накіраваць стыхійны зімовы адпачынак у бяспечнае рэчышча. А для гэтага ва ўсім рэгіёне арганізоўваюцца спецыяльныя гульнявыя пляцоўкі.

Адзіным афіцыйна дазволеным месцам для катання на цюбінгах у Гродне з’яўляецца парк актыўнага адпачынку "Каробчыцкі Алімп". Тут пракладзены спецыяльныя трасы, а за бяспекай сочаць прафесіянальныя інструктары.

З пачатку зімовага сезона ў парку адпачылі больш за чатыры тысячы чалавек. Акрамя папулярных гумавых цюбінгаў, юныя гараджане асвойвалі спускі на лыжах і сноўбордах. Што датычыцца стыхійных катанняў на імправізаваных гарадскіх горках, то кантроль за імі будзе працягнуты да канца сезона.