У Гродне гэтым летам ладзяць незвычайныя вулічныя канцэрты

10 июня 2017

Гукі скрыпкі, кантрабаса і саксафона на 5-метровай вышыні. У Гродне гэтым летам ладзяць незвычайныя вулічныя канцэрты. Артысты абласной філармоніі змянілі фармат выступленняў і цяпер па вечарах даюць прадстаўленні на старадаўнім балконе ў цэнтры горада. У рэпертуары - класічныя і папулярныя музычныя творы, нават джаз. Балконныя выступленні анансуюць яшчэ адзін мастацкі праект - музычныя вечары. Увесь цёплы сезон - на розных і незвычайных пляцоўках Гродна.

"Балконныя канцэрты" не адзінае, што летам прыцягвае і гараджан, і турыстаў - мясцовай славутасцю Гродна ўжо сталі новыя вулічныя знакі. Спецыяльныя шыльды абазначаюць не архітэктурныя і культурныя помнікі, а мясцовыя гарадскія легенды і цікавыя факты. Цяпер у Гродне ёсць канкрэтна акрэсленыя месцы для прагулак з качкамі, лужок для катоў, тратуары, дзе можна зламаць абцас і тэрыторыі, дзе лепш за ўсё цалавацца.