У Гродзенскай абласной дзіцячай бальніцы лечаць станоўчымі эмоцыямі

19 декабря 2015

Да маленькіх пацыентаў рэгулярна прыязджаюць артысты. Каб узняць настрой тым, хто апынуўся на бальнічным ложку, назначаюць спецыяльныя "пазітыўныя працэдуры". Смех і станоўчыя эмоцыі даюць істотны лячэбны эфект, і як вынік - дзеці хутчэй ідуць на папраўку.

На прафілактычным сеансе пабывала і Вольга Капковіч. Смехатэрапія замест пілюль. У дзіцячай бальніцы ў Гродне маленькіх пацыентаў лечаць клоўны і жанглёры. "Пазітыўныя працэдуры" з дазволу медыкаў прапісаныя ўсім юным непаседам. За добры настрой і ўсмешкі, якія дапамагаюць хутчэй справіцца з хваробай, адказваюць няштатныя ўрачы – запрошаныя артысты.

Гродзенскія медыкі адзначаюць: актыўнасць дзяцей падчас такіх смехасеансаў ніяк не шкодзіць маленькім пацыентам. Наадварот, нароўне з таблеткамі і ўколамі паскарае лячэнне і робіць бальнічныя умовы менш стрэсавымі. Да таго ж у бальніцы не робяць перапынкаў у вучобе – падчас лячэння настаўнікі наведваюць дзяцей.

Такі від рэабілітацыі шырока выкарыстоўваецца ва ўсіх краінах свету, а таксама мае навукова даказаны станоўчы ўплыў на самаадчуванне дзяцей. Наперадзе асаблівы перыяд – некаторым з іх давядзецца правесці ў бальніцы святы.

Таму і тут, у бальніцы, пройдуць самыя сапраўдныя ранішнікі з карагодамі вакол ёлкі. Каманду бальнічных клоўнаў папоўняць Дзед Мароз і Снягурка. А для маленькіх пацыентаў падрыхтаваныя падарункі.