У Гродзенскай вобласці пасохлі сотні гектараў зерневых

22 июня 2019

Анамальна спякотнае надвор'е ў апошнія тыдні прынесла дадатковыя праблемы беларускім аграрыям. Так, да прыкладу, у Гродзенскай вобласці пасохлі сотні гектараў зерневых, а садавіна і карняплоды адстаюць у развіцці. Каб мінімізаваць страты, адны гаспадаркі перасейваюць палеткі, іншыя скошваюць пшаніцу і ячмень на корм жывёлам.

Як змагаюцца са спякотай гаспадаркі рэгіёна – у рэпартажы Юрыя Карняловіча. У Шчучынскім раёне актыўна ідзе інспектаванне сельскагаспадарчых палеткаў. Спецыялісты аб’язджаюць усе, нават самыя аддаленыя надзелы. Мэта такой праверкі – вызначыць палі, якія найбольш пацярпелі ад спякоты.

На ўзвышшах яравыя культуры, а гэта ў першую чаргу пшаніца і ячмень, адстаюць у сваім развіцці. Сонца проста высушыла пасевы. Цяпер гэтыя ўчасткі будуць скошаныя, а зялёная маса закладзеная ў сянаж.

На дапамогу аграрыям прыйшлі меліяратары, таму што частка палеткаў знаходзіцца на месцы асушаных балот. Інжынер Віктар Сняжко свае шлюзы аб’язджае кожны дзень. Неабходна сачыць, каб каналы былі напоўненыя вадой. Ад гэтага залежыць ураджайнасць суседніх надзелаў.

У сельгаспрадпрыемстве “Дэмбрава” на спякоту не скардзяцца. Адзіная праблема – не кожны механізатар здатны эфектыўна працаваць, калі тэмпература зашкальвае.

У спякотнае надвор’е працаваць на такой тэхніцы практычна немагчыма. Калі тэмпература на вуліцы плюс 30, то ў кабіне яна даходзіць да 50 градусаў. У гаспадарцы знайшлі выйсце з такой сітуацыі – усталявалі кандыцыянеры.

Эфект ад такога ўдасканальвання тэхнікі відавочны. Механізатары працуюць амаль без перапынкаў з раніцы і да вечара.

Зараз працаваць з прахалодай могуць больш за дзясятак трактароў. Усе яны задзейнічаныя на нарыхтоўцы кармоў. Плюс для кожнага механізатара прыемныя бонусы ў спякоту.

Прагнозы сіноптыкаў не даюць расслабіцца гаспадаркам. У найбліжэйшыя дні высокая тэмпература захаваецца. Аднак чакаюцца навальніцы і ліўні. Менавіта на іх аграрыі ўскладваюць вялікія спадзяванні.