У Гродзенскай вобласці стартавала ўборачная кампанія

29 июня 2019

Першымі на чарзе азімы ячмень, рапс і сурэпіца. У Гродзенскай вобласці стартавала ўборачная кампанія. Дзякуючы спякотнаму надвор’ю гаспадаркі рэгіёна вывелі тэхніку на палеткі на два тыдні раней, чым звычайна. Першыя намалоты ўжо дазваляюць разлічваць на высокія ўраджаі. Напрыклад, у Ваўкавыскім раёне ячменю збіраюць больш за 50 цэнтнераў з гектара.

На зажынках пабываў наш карэспандэнт Юрый Карняловіч. У гаспадарцы “Ваўкавыскае” да жніва падыходзяць з усёй адказнасцю. Перш чым адправіць тэхніку на палеткі, тут праводзяць абавязковы абрад - “Зажынкі”. Як і сто гадоў таму, першы сноп заўсёды збірае жанчына. Лічыцца: ад таго, якім ён будзе, залежыць увесь сёлетні ўраджай.

У гэтым годзе дзякуючы спякотнаму надвор’ю жніво пачалося на два тыдні ранней, чым звычайна. Поўнасцю паспеў азімы ячмень, і каб пазбегнуць страт, у гаспадарцы на палеткі вывелі адразу тры камбайны. Ужо першыя гадзіны працы пацвердзілі прагнозы аграрыяў - сёлета ўраджай будзе значна большы, чым летась.

Сёння на палетках толькі вопытныя механізатары. Для камбайнера Валянціна Ілючака гэта ўжо шостае жніво. Тэхніку падрыхтаваў яшчэ зімой, таму сабраць вырашчаны ўраджай не зможа перашкодзіць нават капрызнае надвор’е.

У гаспадарцы сцвярджаюць: менавіта людзям падчас жніва надаецца асаблівая ўвага. Ад камфортных умоў працы напрамую залежаць канчатковыя вынікі ўборачнай. Таму чатырохразовае харчаванне і халодная вада ў кабіне камбайна – справа звычайная. Ёсць у механізатараў і магчымасць пасля работы наведаць лазню. За выкананнем усіх нормаў на працягу жніва сочаць прафсаюзныя інспектары працы.

На ўзмоцнены рэжым работы пераведзены і сушыльныя комплексы. Тут прымаюць зерне круглыя суткі. Абсталяванне праверана і працуе без збояў. Новы ўраджай перапрацоўваюць, што называецца, з колаў. Тым больш што з-за спякотнага надвор’я вільготнасць зерня мінімальная.

Сабраўшы зерне з палеткаў, у гаспадарцы паклапаціліся і пра салому. Арганізавалі безадходную вытворчасць. Падчас гарачай пары ў аграрыяў кожная хвіліна на ўліку. Таму следам за камбайнамі на поле выходзяць прэс-падборшчыкі. Салому скручваюць і адразу вывозяць на захаванне.

У Ваўкавыскім раёне жніво пачалі ўсе гаспадаркі. Аграрыі сцвярджаюць: праблем з нарыхтоўкай новага ўраджаю не павінна ўзнікнуць. Тэхніка падрыхтавана поўнасцю, паліва таксама назапашана.

Масавая ж уборка новага ўраджаю на Гродзеншчыне пачнецца ўжо праз тыдзень. Тэхніку плануюць вывесці нават у паўночных раёнах.