У Гродзенскай вобласці плануюць цалкам адмовіцца ад дзіцячых інтэрнатаў

10 ноября 2018

Альтэрнатыва такім установам - дамы сямейнага тыпу. Калі бацькі-выхавальнікі бяруць у свае сем’і дзяцей-сірот і выхоўваюць іх да паўналецця. Улады ж забяспечваюць іх сучасным жыллём і даюць фінансавую падтрымку. У абласным цэнтры за тры гады з’явіўся цэлы Бацькоўскі квартал. Тут у новых катэджах пражываюць такія шматдзетныя сем’і. Пра перспектывы новай формы выхавання сірот рэпартаж Юрыя Карняловіча.

Арцём Сіраж да прыёмных бацькоў пераехаў напачатку восені. Прызнаецца, хваляванні былі, аднак з першага дня шматдзетная сям’я прыняла хлопца як роднага. Новыя браты і сёстры хутка дапамаглі асвоіцца, і зараз нават уявіць складана, што магло быць неяк інакш.

Гісторыя гэтай шматдзетнай сям’і пачалася ў 2015 годзе. Сяргею Мярсону і Наталлі Янушкоўскай прапанавалі ўзяць на выхаванне дзяцей з інтэрната. Гаспадары доўга вагаліся. І гэта нядзіўна, бо на той час выхоўвалі толькі адну родную дачку. У выніку, пазнаёміўшыся з прыёмнымі дзеткамі, проста не маглі адмовіцца. У якасці падарунка ад гарадскіх улад бацькі атрымалі новы двухпавярховы катэдж.

Спачатку ў гэтым доме сямейнага тыпу выхоўвалася толькі пяцёра дзетак. Сёння іх ужо восем. Праблемы, гавораць гаспадары, ёсць, аднак спраўляюцца з імі толькі ўсе разам. Для мамы Наталлі галоўны клопат – накарміць сваіх гадаванцаў. На кухні жанчына праводзіць шмат часу.

У кожнага члена вялікай сям’і ёсць свае абавязкі. Дзяцей прывучаюць да адказнасці з ранняга ўзросту. За тры гады, што існуе дом сямейнага тыпу, гаспадары абжыліся, арганізавалі агарод, паставілі цяпліцу і цяпер большасць прадуктаў вырошчваюць на прысядзібным участку.

Першы дом сямейнага тыпу з’явіўся амаль у цэнтры Гродна ў 2015 годзе. Сёння ў суседстве ўжо два такія будынкі. У перспектыве плануюць пабудаваць яшчэ некалькі дамоў. Зараз гэтае месца называюць Бацькоўскім кварталам.

У Гродзенскай вобласці дамы сямейнага тыпу - перспектыўны накірунак выхавання сірот. Усяго ў рэгіёне пры падтрымцы абласнога і раённых бюджэтаў узведзена 26 такіх катэджаў, дзе жывуць каля двухсот дзяцей. У найбліжэйшых планах цалкам адмовіцца ад інтэрнатаў і размеркаваць усіх сірот у прыёмныя сем’і.