У Гомельскай абласной бібліятэцы прайшла акцыя "Чытанне сабаку"

10 февраля 2018

Самы ўдзячны слухач. У Гомельскай абласной бібліятэцы прайшла акцыя “Чытанне сабаку”. На працягу дзвюх гадзін заходнееўрапейскай лайцы па мянушцы Мая кнігі на англійскай мове чыталі выхаванцы дзіцячага дома. Даследаванні пацвярджаюць: дзеці, якія чытаюць кнігі сабакам, хутка паляпшаюць навыкі чытання. Калі такія заняткі ладзіць рэгулярна, юныя чытачы дэманструюць поспехі ўжо праз два месяцы. Падчас такіх акцый у бібліятэцы хваляванне дзіцяці перад аўдыторыяй зводзіцца да мінімуму. Хуткасць чытання вырастае, памяншаецца колькасць памылак, дзеці лепш запамінаюць прачытаны тэкст і ў цэлым бяруць кнігу ў рукі з большай ахвотай.

Каністэрапія - лячэнне пры дапамозе сабак - сусветная практыка, якая ў апошнія гады набывае папулярнасць. Упершыню такія заняткі былі праведзены ў ЗША, а ў Фінляндыі сабак-слухачоў нават залічваюць ў штат супрацоўнікаў бібліятэк.