У Гомельскай вобласці вырошчваюць галандскую цыбулю

8 сентября 2018

У Гомельскай вобласці збіраюць цыбулю. Ураджай дазволіць і мясцовыя патрэбы задаволіць, і зарабіць на экспарце. Ганна Кавалёва наведала адну з самых унікальных гаспадарак рэгіёна і даведалася, як на беларускім "Усходзе" вырошчваюць галандскую цыбулю.

Расказвае Ганна Кавалёва.

Віталь Бялко за рулём камбайна 17 гадоў. Увесь гэты час на палях камбіната "Усход". За плячыма вопыт працы з буракамі і бульбай. Зараз збірае ўраджай цыбулі. Культура, кажа, некапрызная, аднак свае сакрэты ў яе зборы ёсць.

Пад цыбулю у гаспадарцы аддалі 200 гектараў. Гэта самыя вялікія плошчы ў рэгіёне, занятыя гэтай агароднінай. Беларускія аграномы тут на ты з галандскімі сартамі. Сёлета працавалі з 7 відамі - усе пратэсціраваны на працягу некалькіх гадоў. З унікальных для рэгіёна – “эксібішэн”. Гэты сорт для камбіната даўно стаў візітнай карткай. Салатны, не па правілах салодкі і не выклікае слёз. Адна цыбуліна вырастае да кілаграма.

Сёлета надвор'е для цыбулі было неспрыяльным. У барацьбе з засухай месцамі выкарыстоўвалі палівальныя ўстаноўкі. Ураджайнасць, вядома, крыху ніжэйшая, чым летась, але ўсё ж на ўзроўні. Дарэчы, гэтая гаспадарка для Гомеля мае стратэгічнае значэнне. Яна цалкам задавальняе патрэбнасці абласнога цэнтра ў агародніне і садавіне. І сёлета сваіх пазіцый не пакіне.

Тут умеюць працаваць як на ўнутраны, так і на знешні рынкі. Напрыклад, гэтая цыбуля ў найбліжэйшыя дні адправіцца ў падарожжа. Яе чакаюць у Расіі і Малдове.

Пакуль жа яна ў сховішчы. Тут спецыяльны мікраклімат і адмысловая сістэма вентыляцыі - усё ў аўтаматычным рэжыме. Увогуле ў засекі загрузілі ўжо каля тысячы тон цыбулі. Большая частка пойдзе на экспарт. Дарэчы, у найбліжэйшы час спіс пакупнікоў могуць папоўніць краіны Прыбалтыкі.