У Гомельскай вобласці вызначыўся першы экіпаж камбайнераў-тысячнікаў

23 июля 2016

Лідараў жніва павіншавалі прадстаўнікі кіраўніцтва аблвыканкама і галіновага прафсаюза.

Знакавае дасягненне на рахунку экіпажа агракамбіната "Холмеч" Рэчыцкага раёна. Іван Вырвіч і Алег Хвост намалацілі звыш тысячы трохсот тон збожжа новага ўраджаю. Для гэтага ім спатрэбілася 100 гадзін працы. Акрамя таго, два вадзіцелі агракамбіната “Холмеч” Віктар Кардаш і Уладзімір Трубіла першымі з пачатку ўборкі перавезлі на аўтамабілях больш як тысячу тон збожжа.

Дарэчы, агракамбінат "Холмеч" штогод паказвае высокія вынікі. Летась сярод першых тысячнікаў вобласці таксама былі яго камбайнеры. У лідарах гаспадарка і па ўраджайнасці. З кожнага гектара збіраюць па больш як 53 цэнтнеры збожжа.

Усяго на палях вобласці зараз працуе тысяча чатырыста камбайнаў. Тэмпы ўборкі перавышаюць леташнія. Завершана ўборка рапсу. Наперадзе - збор пшаніцы, жыта, ячменю, аўса і зернебабовых.