У гомельскіх ВНУ ўкараняюць электронныя студэнцкія білеты

2 ноября 2019

У верасні іх выдалі першакурснікам універсітэта імя Францыска Скарыны. І вось зараз дакумент новага фармату атрымалі і студэнты-медыкі. Карта аб'ядноўвае ў сабе некалькі функцый. У першую чаргу яна пацвярджае асобу студэнта. Акрамя таго, гэта яшчэ і плацёжная банкаўская картка, і чытацкі білет. З праграмай інфарматызацыі гомельскіх ВНУ азнаёмілася Ганна Кавалёва.

Навучальны дзень гэтых студэнтаў пачынаецца не з кавы. А з маленькай пластыкавай карткі. Без яе не трапіць ні на заняткі, ні ў інтэрнат ВНУ. Дарэчы, такіх турнікетаў ва ўніверсітэце імя Францыска Скарыны каля 20-ці. І на кожны ўсталявалі счытвальнік, а ў пластыкавую картку - чып. Так, класічны студэнцкі білет ператварыўся ў мульціфункцыянальны дакумент.

Дарэчы, функцыі пропуску і студэнцкага пасведчання - не адзіныя. Пластыкавая картка - гэта адначасова і чытацкі білет ва ўніверсітэцкую бібліятэку, і міжнародная банкаўская картка, на якую налічваецца стыпендыя. Да ўкаранення такога дакумента ішлі цэлы год. Першымі ўладальнікамі сталі 1200 першакурснікаў дзённай і завочнай формы навучання.

Ахопліваць праектам астатніх будуць паступова. Электронны дакумент плануюць штогод выдаваць новым першакурснікам. Адначасова адзіная лічбавая сістэма ўніверсітэта будзе ўдасканальвацца.

Вопыт універсітэта імя Францыска Скарыны ўжо зацікавіў яго калег. Такую ж IT-ідэю літаральна праз месяц ўкаранілі і ў суседняй  медыцынскай ВНУ.

Толькі ў медуніверсітэце студэнцкія мульціпашпарты атрымалі амаль паўтысячы першакурснікаў. Іх карткі пакуль працуюць толькі як пропуск, студэнцкае пасведчанне і банкаўская картка. Функцыі электроннага білета чытача пакуль няма. Але ўкараніць і гэта - планы адміністрацыі ВНУ.

Найбліжэйшыя планы гомельскіх ВНУ - зрабіць функцыянал пластыкавых картак больш шырокім. Да прыкладу, універсітэт імя Францыска Скарыны ў будучыні пачне супрацоўніцтва з бібліятэчнай сістэмай Гомельскай вобласці. Гэта трэба для таго, каб студэнцкія мульціпашпарты выкарыстоўваліся як чытацкія білеты не толькі ва ўніверсітэцкіх бібліятэках, але і ў грамадскіх. У тым ліку і ў самай буйной бібліятэцы рэгіёна — імя Леніна.



Зараз чытаюць