У Гомелі жыве і адзіны ў Беларусі сом-блогер

14 октября 2017

Малька з браканьерскай сеткі вызваліў рыбалоў-аматар. Вырашыў гадаваць дома, у акварыуме. Мянушку далі Сёма. Калі Сёма падрос, гаспадар пазнаёміў з незвычайным хатнім гадаванцам інтэрнэт-супольнасць. Завёў сому акаунт у сацыяльных сетках і нават уласны раздзел на відэаканале. Разам з іншымі аматарамі прыроды за навінамі з жыцця Сёмы сочыць і Вольга Маслоўская.

Зорка Інтэрнэта і галоўны ньюсмейкер. Сом Сёма заваёўвае сэрцы падпісчыкаў, а лайкі пад фотаздымкамі ў сацыяльных сетках падлічвае гаспадар. Дзмітрый Уклейка ўспамінае, як два гады таму дома з'явіўся незвычайны гадаванец. Тады Сёма не перавышаў 20 сантыметраў у даўжыню. Сёння гэта амаль метровы экзэмпляр вагой 5 кілаграмаў, які адзін займае 600-літровы акварыум.

Спачатку Сёма заваяваў сэрцы ўсіх жыхароў кватэры. Дачка Аня любіць назіраць за вялікай рыбай. Сёма, калі галодны, падплывае да дзіркі, праз якую яго кормяць гаспадары, і чакае. Ён нібы кот, параўноўвае дзяўчынка. А яшчэ дамашні сом, сцвярджае школьніца, умее прадказваць вынікі кантрольных.

Ідэя завесці старонкі ў сацыяльных сетках адоранаму гадаванцу - не проста забава, а карысная справа, упэўнены гаспадар. Аматар рыбалкі добра ведае, што значыць "не клюе". Як будзе паводзіць сябе рыба, цяпер можна даведацца ад Сёмы.

Удзячныя рыбакі заўсёды прыносяць Сёму гасцінец - некалькі маленькіх карасікаў. Але падчас здымак апетыту ў сома не было - на карасёў ніякай увагі. Каб прадэманстраваць, які ён спрытны драпежнік, гаспадару прыйшлося нават справакаваць Сёму.

Бліжэй да вечара стала зразумела, чаму Сёма аб'явіў галадоўку. Змянілася надвор'е, пайшоў дождж. Знаёмыя рыбакі тэлефанавалі Дзмітрыю і расказалі, што ў гэты дзень дамоў вярнуліся з пустымі вёдрамі.