У Гомелі вырошчваюць кавуны

2 сентября 2017

Яшчэ нядаўна гэтая ягада лічылася экзатычнай для Беларусі. Але з цягам часу кавун стаў сваім не толькі на гародах, але і на прамысловых плантацыях. Беларуская сонечная ягада мае свае адметнасці - напрыклад, па гусце. І дае неблагія ўраджаі - да 30 тон на гектар. Вольга Халадовіч цяпер ведае водар і смак гомельскага кавуна.

На адным такім радзе - прыкладна тысяча паласатых салодкіх ягад. Гібрыдныя "Топ ган" і "Раманза" выдатна асвоіліся ў беларускіх шыротах. Хоць халодная вясна і пачатак лета ўраджай кавуноў паставілі пад сумненне.

Сюды, на поле, іх высадзілі ў чэрвені і накрылі плёнкай. Кавуны любяць высокую тэмпературу. Дарэчы, з надвор'ем у жніўні пашанцавала, і сёння ўжо можна сказаць, што эксперымент атрымаўся. Шкада, нельга праз экран перадаць смак беларускага кавуна - ён сёлета выдатны.

Кавуны для Гомельскай абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі - культура новая. Паспрабаваць вырасціць бахчавыя вырашылі толькі сёлета. Паводле ацэнак спецыялістаў, з кожнага гектара тут можна атрымаць прыкладна 30 тон кавуноў. І хутка пакаштаваць іх змогуць усе ахвочыя.

Пакуль эксперыментальныя кавуны набіраюць слодыч, у палях доследнай станцыі ўбіраюць лук і бульбу. Ураджайнасць абедзвюх культур - вышэйшая за леташнюю. Навуковыя распрацоўкі, элітны насенны фонд і высокая ўраджайнасць - сёння беларускія аграрныя ноу-хау запатрабаваныя як у краіне, так і за мяжой.

Персік, абрыкос і чарэшня - яшчэ тры перспектыўныя культуры для паўднёвых рэгіёнаў Беларусі. Яны выдатна зарэкамендавалі сябе ў мінулыя гады. І з асаблівасцямі клімату - упэўненыя навукоўцы - у Гомельскай вобласці можна разлічваць на іх прамысловы ўраджай.