Сацыяльныя выдаткі бюджэту на 2016 год, які па ўсіх прагнозах будзе складаным, заслугоўваюць асаблівай увагі. Пра скарачэнне выдаткаў па сацыяльных артыкулах гаворкі не ідзе, але траціць бюджэтныя сродкі плануецца менш шчодра. Прыбыткі і выдаткі рэспубліканскага бюджэту ўжо аналізавалі, па многіх сацыяльных артыкулах сур'ёзныя сродкі паступаюць і з мясцовых бюджэтаў.
Яўген Пабалавец высвятляў, як падтрымліваюць інвалідаў у Гомелі. У Беларусі звыш 500 тысяч людзей з абмежаванымі магчымасцямі, з іх прыкладна 20 тысяч – інваліды-калясачнікі. Для іх у краіне створана так званае безбар'ернае асяроддзе. Так, напрыклад, у Гомелі, першым з абласных цэнтраў, створана і ўжо некалькі гадоў працуе сацыяльнае таксі.
Андрэй Правілаў атрымаў інваліднасць летась. Дагэтуль нават і не думаў, наколькі важным для яго стане сацыяльнае таксі – тры разы на тыдзень трэба прыязджаць у шпіталь на праграмны гемадыяліз. Пропуск адной такой працэдуры можа каштаваць жыцця.
Такіх, як Андрэй, у Гомелі больш за 12 тысяч чалавек. 60% з іх не могуць самастойна хадзіць, таму штомесяц паслугамі сацыяльнага таксі карыстаюцца больш за 200 чалавек. На 2016 год на гэтыя мэты з бюджэту выдзелена больш за 600 мільёнаў рублёў.
Сродкі абласнога і гарадскога бюджэтаў таксама будуць накіраваныя на паляпшэнне ўмоў для безбар’ернага асяроддзя. Зараз нават яшчэ на стадыі распрацоўкі чарцяжоў новабудоўляў плануюць пандусы.
Яшчэ толькі ў Гомельскай вобласці працуюць дзевятнаццаць раённых арганізацый, якія падтрымліваюць інвалідаў, у тым ліку і за кошт гуманітарнай дапамогі.













