У Гомелі рэалізуюць унікальны праект

20 апреля 2019

У гонар авіяканструктара Паўла Сухога ствараюць незвычайны памятны комплекс. Яго рысы ўжо вымалёўваюцца каля Гомельскага ўніверсітэта, які носіць імя славутага вынаходніка. Асаблівасць праекта ў тым, што цэнтрам кампазіцыі стане сапраўдны самалёт, створаны авіяканструктарам яшчэ пры жыцці. Легендарны Су-24 везлі ў Гомель за 350 кіламетраў у разабраным выглядзе. Дэталі складанай аперацыі ведае Ганна Кавалёва.

Адзін з самых магутных франтавых бамбардзіроўшчыкаў за ўсю гісторыю авіяканструявання прыпаркаваўся ў Гомелі на адной з магістральных вуліц. Вакол яго - бурныя будаўнічыя работы. Так званы Су-24 стане адным з элементаў будучага памятнага знака.

Не менш складаны этап – устаноўка самалёта на пастамент. Перад гэтым усе нюансы падлічаныя да дробязяў. Рэалізатары аперацыі - спецыялісты з вялікім вопытам. На рахунку маёра 61-й Баранавіцкай авіябазы Андрэя Мінчыка гэта трыццатая такая ўстаноўка.

13-тоннік, у вышыню каля 6 метраў, у даўжыню - 25, ён прыехаў сюды ў разабраным выглядзе. Асобныя часткі збіралі тут. А каб падняць авіямашыну на пастамент, прыйшлося выкарыстоўваць два 4-тонныя краны.

Максімальная хуткасць самалёта - 1700 кіламетраў за гадзіну. У рознай мадыфікацыі было выраблена больш за 1400 такіх машын. У Беларусі самалёт знялі з узбраення 7 гадоў таму. Але ў свеце ён яшчэ працягвае выконваць баявыя задачы.

Дарэчы, пляцоўка будучага памятнага комплексу выбрана невыпадкова. Прапіску самалёт атрымае па суседстве з універсітэтам імя Паўла Сухога, які і стварыў легендарны самалёт. У ВНУ ў гонар заснавальніка савецкай рэактыўнай і звышгукавой авіяцыі адкрылі музей. Экскурсіі тут праводзяць для ўсіх першакурснікаў - гэта своеасаблівае прысвячэнне. У калекцыі - больш за сто асабістых прадметаў савецкага авіяканструктара.

Ідэя ўвекавечыць памяць знакамітага земляка даўно лунала ў паветры. Як толькі ў Баранавіцкага авіярамонтнага завода з'явіўся спісаны самалёт, праект атрымаў магчымасць рэалізавацца.

У найбліжэйшыя дні пляцоўку вакол самалёта добраўпарадкуюць. Сумежную алею стылізуюць пад ўзлётную паласу аэрадрома. Чырвоную стужку на памятным комплексе перарэжуць ужо ў Дзень Перамогі.