У Гомелі адсвяткавалі Купалле

9 июля 2016

Пляценнем вянкоў, шуканнем папараць-кветкі і карагодамі адсвяткавалі Купалле і ў Гомелі. Старажытныя абрады, модныя паказы, дэгустацыі нацыянальных страў – як дапаўненне да прапановы навучыцца плясці вянкі і зрабіць драўляную скань.

Сярод гасцей Купалля і наш карэспандэнт Яўген Пабалавец. Купалле ладзілі ў Гомелі на трох пляцоўках – на каскадзе Сяльмашаўскіх і Валатоўскіх азёр, а таксама на возеры Любенскім. Арганізатары падрыхтавалі цікавую праграму з народнымі абрадамі і традыцыямі, а таксама сучаснымі забавамі.

Гамяльчане біліся мяшкамі, кідалі бульбу і на хуткасць ставілі вілкамі ў печку чыгунок. Абавязковыя песні, танцы, карагоды, і, вядома, майстар-клас па пляценні купальскіх вянкоў.

Тут жа можна было навучыцца рабіць ляльку-абярэг для маладых мам, у якіх толькі нарадзілася дзіця. Лялькі робяцца без нажніц і іголак, ніткі не павінны дакранацца да жалеза.

А гэта - драўляная скань. Старажытная беларуская традыцыя, якая была страчана. Зараз гомельскія майстры аднавілі гэту тэхніку.

У цэнтры пляцоўкі ўсталявалі ляльку Мару, вакол якой вадзілі карагоды русалкі, лесуны, вадзяныя і іншая нечысць беларускіх палёў і азёр. А дзяўчаты рыхтаваліся да пошукаў папараць-кветкі.

Пасля рытуальных танцаў ляльку спалілі, а купальскія вянкі пусцілі на ваду. Паводле старажытнай славянскай традыцыі, куды паплыве вянок, там жыве нарачоны дзяўчыны.