У Год малой радзімы больш беларусаў сталі прыязджаць на радзіму

8 декабря 2018

Год малой радзімы амаль скончаны. Віват, новы! Захаванне родных мясцін - маленькіх вёсачак з іх непаўторнай прыродай, куды заўсёды імкнецца душа - застанецца галоўнай ідэяй і года надыходзячага. Як вынік - больш беларусаў сталі прыязджаць на радзіму, каб узгадаць дзяцінства, прайсці па родных вуліцах, нярэдка перадаць мясцоваму музею асабістыя рэчы альбо аднавіць сваімі рукамі крыніцу. Шмат робяць і самі жыхары глыбінцы. Андрэй Ястрабаў пазнаёміўся з некалькімі такімі энтузіястамі.

З некалькіх ручнікоў і пачалася гісторыя музея вёскі Махава, што ў Магілёўскім раёне. Аднак мясцовыя работнікі культуры і ўявіць не маглі, колькі суайчыннікаў адгукнуцца на заклік захаваць гісторыю роднага края. Пад сотню экспанатаў назбіралася: каромысла XIX стагоддзя, з Малога Асаўца вяскоўцы прывезлі куфар, з Малой Малееўкі – старажытны ткацкі станок. Сапраўдная вандроўка ў мінулае для мясцовых школьнікаў.

Жыхары Беларусі сталі нават прыватныя музеі ствараць. Магіляўчанка Рыма Данільцава абрала для гэтага бацькоўскую хату на сваёй малОй радзіме - у вёсцы Вялікі Нежкаў. Побач з фотаздымкамі родных калыска, з якой выраслі некалькі пакаленняў, прыгожая старадаўняя шафа. Швейная машына “Зінгер”, якую, нягледзячы на шчодрыя прапановы, не прадала. Аднак Рыма Данільцава не спыняецца. Сёлета бацькоўскі сад прынёс неблагі ўраджай - 2,5 тоны яблыкаў. Добры дадатак да сямейнага бюджэту, які заснавальнік хатняга музея збіраецца ўкласці ў яго развіццё і аднавіць... гісторыю роднага мястэчка. 

Скульптар Андрэй Вараб’ёў - адзін з тых, хто прысвяціў усё сваё жыццё і талент малой радзіме. Сотні твораў належаць яго рукам - у Шклове,  Круглым, Клічаве. Бронзавая гімнастка побач з Палацам спорту у Магілёве,  львы, што ўпрыгожваюць мост цераз Днепр. Сапраўдная візітная картка горада.   

Майстар упэўнены: новы яго твор абавязкова знойдзе асаблівае месца ў сэрцы гараджан і стане ўпрыгажэннем якога-небудзь невялікага мястэчка - малой для кожнага з нас радзімы.