У Дрыбіне пабудавалі новае сучаснае стаматалагічнае аддзяленне

9 апреля 2016

Магілёўская вобласць сёлета накіруе 330 мільярдаў рублёў на ўстойлівае развіццё раёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Запланавана ўзвесці больш за два дзясяткі аб’ектаў, якія значна палепшаць бытавыя ўмовы мясцовага насельніцтва і павысяць узровень іх абслугоўвання. Напрыклад, у Дрыбіне за кошт такіх сродкаў пабудавалі новае сучаснае стаматалагічнае аддзяленне.

Лячэнне складаных захворванняў і сучаснае пратэзаванне. Раней жыхарам Дрыбінскага раёна прыходзілася ездзіць да стаматолагаў у Магілёў. Цяпер увесь спектр паслуг можна атрымаць у раённай паліклініцы.

"Ультрагукавы скейлер" - навінка для Дрыбінскай райбальніцы. Апарат дазваляе вырашыць шэраг праблем, практычна бязбольна, у чым пераканалася і Таццяна Кірыенка, адна з першых пацыентак адноўленага стаматалагічнага цэнтра.

Для ўрачоў такая мадэрнізацыя - падзея доўгачаканая. Стаматолаг-хірург Віктар Золатаў працуе ў Дрыбіне 30 гадоў. Кажа, раней пра такое абсталяванне толькі марыць прыходзілася.

У новым аддзяленні 5 працоўных месцаў. За змену тут могуць прыняць да паўсотні пацыентаў. У сучаснай зубатэхнічнай лабараторыі ёсць усё неабходнае і для пратэзавання.

Будаўніцтва і абсталяванне аддзялення абышлося больш чым у 17 мільярдаў рублёў. Гэта сродкі дзяржпраграмы па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай аварыі. Дарэчы, у Дрыбінскім раёне пражываюць амаль 5 тысяч перасяленцаў.

На праграму ўстойлівага развіцця пацярпелых раёнаў Магілёўскай вобласці сёлета выдаткавана 330 мільярдаў рублёў. На гэтыя сродкі ў рэгіёне запланавана ўзвесці больш за два дзясяткі буйных аб’ектаў. Так, у Быхаве запрацуе сучасны спартыўны комплекс, аналагічны таму, што не так даўно адкрылі ў Краснаполлі. Некалькі артэзіянскіх свідравін, станцый абезжалезвання і 10 кіламетраў вадаправода з’явяцца ў Быхаўскім і Слаўгарадскім раёнах. Будзе працягвацца і газіфікацыя населеных пунктаў. Будаўніцтва дарог і жылля таксама не застанецца па-за ўвагай.