У вёсцы Флер’янова ідзе рэканструкцыя панскага маёнтка

27 августа 2016

У вёсцы Флер’янова Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ідзе рэканструкцыя панскага маёнтка. Пяць гадоў таму за адну базавую велічыню сядзібу набыў мясцовы пенсіянер Генрых Траццяк. Дапамогі ні ў кога не просіць, аднаўляе самастойна. Тэму працягне Таццяна Болтуць.

Пяць гадоў таму пенсіянер з вёскі Флер’янова Генрых Траццяк набыў былы панскі маёнтак. Аднаўляе яго сам, за ўласныя грошы. Плануе зрабіць тут штосьці накшталт аздараўленчага цэнтра. Але за справу ўзяўся зусім не дзеля камерцыі.

Хімік-аграном, Генрых Міхайлавіч ніколі не вучыўся на будаўніка. А прыйшлося – і тынкуе, і латае дах, і мяняе шыбы, дошкі ў падлозе… Хаця мужчыне, між іншым, пайшоў дзявяты дзясятак.

У свой час двухпавярховы фальварак належаў Яну Бохвіцу – сыну вядомага філосафа і пісьменніка Фларыяна Бохвіца. У 1908 годзе аднавіць сілы сюды прыязджала пісьменніца Эліза Ажэшка. І нават пакінула пра сябе напамін. Пасадзіла дубок. Сёння ён сапраўдны волат.

Наперадзе яшчэ шмат працы. Але цяжкасці не палохаюць. Генрых Міхайлавіч кажа: "Я не адзін". Яму дапамагаюць тры сыны і ўнукі. А яшчэ мясцовыя дзеці.