У Брэсцкай вобласці летась з аўкцыёнаў прададзена амаль 140 аб’ектаў

2 марта 2019

Як рэанімаваць старыя будынкі? Толькі ў Брэсцкай вобласці летась з аўкцыёнаў прададзена амаль 140 аб’ектаў, якія не выкарыстоўваліся і чакалі адраджэння. Большая частка пабудоў рэалізавана за адну базавую велічыню. Па колькасці прададзенай маёмасці рэгіён увогуле з’яўляецца лідарам у краіне. Вікторыя Патоня пра новае жыццё старых збудаванняў.

На ўскрайку горада Косава сумна выглядае будынак былой школы, якую закрылі ў 2005 годзе. Цікавы архітэктурны праект занядбаны. Разбураецца фасад, адвальваецца тынк, працякае дах. Ад недагляду тут нават здарыўся пажар. Небяспечна выглядаюць і разбітыя шыбы. Паўвекавы будынак 10 гадоў таму выкупіла прыватная фірма. Новы гаспадар планаваў арганізаваць пілараму, стварыць мінімум пяць рабочых месцаў. Прадпрымальніцкая дзейнасць не пайшла, умовы пагаднення куплі-продажу бізнесмен не выканаў. Вярнуць аб’ект ва ўласнасць дзяржавы спрабуюць толькі цяпер.

Чаму так атрымалася - пакупнік будынка патлумачыць не змог. Ён не пажадаў удзельнічаць у здымках. Тым часам мясцовыя ўлады плануюць у судовым парадку спагнаць з яго 3 тысячы рублёў на рэгістрацыю занядбанага аб’екта.

Усяго за некалькі кіламетраў зусім іншая карціна. Цяжка ўявіць сабе, што гэты будынак таксама быў паўразбуранай школай. Чатыры гады таму яго выкупіў за адну базавую велічыню новы ўладальнік. Першых наведвальнікаў турыстычны комплекс прыме ўжо праз месяц.

Аднапавярховая школа перажыла глабальную рэканструкцыю. Тут поўнасцю заменена электраправодка, сістэма ацяплення, з’явіўся другі паверх. Для рэалізацыі свайго праекта прадпрымальнік з Баранавіч дадаткова задзейнічаў крэдытныя рэсурсы. Адначасова ў комплексе змогуць адпачываць 30 чалавек. Акцэнт зроблены на водных працэдурах і паходах на байдарках.

Усяго ў Брэсцкай вобласці па выніках мінулага года адбылося 850 аўкцыёнаў. З усіх аб’ектаў, што не выкарыстоўваюцца і выстаўлены на продаж, рэалізавана палова. Большая частка з іх прададзена за адну базавую велічыню.

Часцей за ўсё такія збудаванні набываюць, каб ператварыць іх у вытворчыя пляцоўкі: майстэрні па вырабе мэблі, швейны цэх, кафэ, магазіны або склады. Сёлета ў Брэсцкай вобласці плануюць выставіць на аўкцыён каля 200 аб’ектаў, якія пустуюць і чакаюць свайго адраджэння.