У Брэсцкай вобласці рэалізуецца інвестпраект па вытворчасці экаматэрыялу з экзатычных пладоў

9 декабря 2017

У перапрацоўку ідзе валакно какосавага арэха. Паступае сыравіна з Інданезіі, вострава Шры-Ланка. А ўжо гатовая прадукцыя пад маркай “Зроблена ў Беларусі” экспартуецца ў блізкае замежжа.

Вікторыя Патоня пабывала на першым у Беларусі такім заводзе. Гэта тэрыторыя былой вайсковай часці ў Аранчыцах. Тры гады таму плошчу 38 гектараў набылі пад інвестпраект усяго за адну базавую велічыню! Тут і размяшчаецца экзатычная для нашай краіны вытворчасць: з валакна какосавых арэхаў вырабляюць экалагічны матэрыял.

Тут захаваліся пабудовы, якія пад склады часткова выкарыстоўваюць і зараз. У цэнтры ўзведзены новы завод, дзе размяшчаюцца два цэхі па вырабе какосавых матаў. Штомесяц на лініі выпускаецца каля двухсот тон прадукта. Сыравіна паступае з Інданезіі, Малайзіі і Шры-Ланкі. Так званы койр какосу прывозяць у шпульках. Спачатку косы расплятаюць і фарміруюць палатно. Для трываласці і пруткасці насычаюць натуральным латаксам. Затым аснову абліваюць парай і высушваюць у спецыяльнай камеры. Заключны этап - нарэзка.

Гэта першае ў краіне прадпрыемства, дзе наладзілі вытворчасць какосавых матаў. Таму ўсе сакрэты нам не раскрываюць. Прадукцыя завода запатрабавана найбуйнейшымі вытворцамі мэблі ў Расіі, Польшчы, Латвіі. Працуе завод бесперапынна ў чатыры змены. Дзякуючы інвестыцыям у сельскай мясцовасці з’явіліся новыя рабочыя месцы для 86 чалавек.

Яшчэ ў часы паруснага мараходства будаўнікі караблёў ведалі: самыя трывалыя ліны – з какосавага койру. Экзатычная для нашай краіны прадукцыя запатрабавана, а прадпрыемства будзе пашырацца. У пачатку наступнага года тут плануюць запусціць новы цэх для вырабу экалагічных матаў на аснове поліэфірнага валакна.