У Брэсце завод па перапрацоўцы смецця пачаў рэалізоўваць грант Еўрасаюза

19 марта 2016

У Брэсце завод па перапрацоўцы смецця пачаў рэалізоўваць грант Еўрасаюза па пастаўцы абсталявання для паляпшэння санітарнага стану ў абласным цэнтры. Прыватны сектар аснасцяць спецыяльнымі кантэйнерамі для збору смецця. Праект прадугледжвае пастаўку ў Брэст і іншага абсталявання. Падрабязнасці высветліла наш карэспандэнт Людміла Салдзіна.

У абаненцкім аддзеле смеццеперапрацоўчага завода - ажыятаж. Гаспадары прыватных дамоў спяшаюцца набыць кантэйнеры для збору смецця, бо карысць справы разумее кожны. Алена Рудкевіч, якая пражывае на ўскрайку Брэста, упэўнена - цяпер ля яе дома будзе чысціня і парадак.

Кантэйнеры жыхары прыватнага сектара атрымаюць бясплатна. Дастаткова прад'явіць пашпарт і не мець запазычанасці па аплаце паслуг за вываз смецця. На сёння прадпрыемства ўжо атрымала больш за 4 тысячы кантэйнераў, усяго іх паступіць 15 тысяч.

Выйграны грант дазволіць прадоўжыць устаноўку кантэйнераў для паасобнага збору смецця і ў дварах шматкватэрных дамоў. Раней гэта праца вялася за кошт уласных сродкаў завода. Летась усталявалі звыш 700 новых бакаў для паасобнага збору смецця.

Сёння на складзе прадпрыемства - новая партыя такіх кантэйнераў. Вось гэтыя 120 смеццязборнікаў - ужо ў чаканні прапіскі. Згодна з грантам, завод атрымаў і 10 прэс-кантэйнераў для адначасовага збору і прасавання макулатуры. Іх установяць у гандлёвых цэнтрах. З'явяцца і новыя кантэйнеры для буйнагабарытных адходаў, а тэхнапарк завода папоўняць 3 новыя смеццявозы. На днях прыбудзе і яшчэ адзін лот гранта - сапраўднае ноу-хау для Брэста - падземныя кантэйнерныя пляцоўкі.

Усё гэта палепшыць санітарны стан горада і заахвоціць жыхароў да паасобнага збору смецця. А другасная перапрацоўка ўжо дае свае вынікі.

“Чысціня, экалогія, эканомія”… Разумны збор і ўтылізацыя адходаў - справа карысная. Парадак на вуліцах і ў дварах, чыстае паветра, а для перапрацоўчай вытворчасці - даходы.