У Брэсце працуе “Драўляная фабрыка”

25 марта 2017

Сацыяльны праект з экалагічным ухілам! У Брэсце працуе “Драўляная фабрыка”, дзе любы ахвотнік можа паспрабаваць свае сілы ў ролі разбяра або цесляра. Матэрыялы, з якімі працуюць у майстэрні, - гэта адыходы сталярнай вытворчасці і спілаваныя дрэвы. Праект нарадзіўся ў асяроддзі энтузіястаў, якія рэалізуюць адразу некалькі важных задач.

Расказвае Вікторыя Патоня.

Рубанкі, лобзікі, сякеры. Прыемны пах драўніны прываблівае не толькі юнакоў, але і дзяўчат. Дзверы гэтай творчай майстэрні адчынены штодзень. А прыйсці сюды можа любы ахвотнік, каб паспрабаваць свае сілы ў сталярнай справе. Віталій Галавей працуе на чыгунцы, рамантуе вагоны. Яму хапіла аднаго занятку, каб знайсці новае хобі.

З інструментамі дзяўчаты спраўляюцца не горш. Яны, як ні дзіўна, больш частыя госці на “драўлянай фабрыцы”.
Фабрыка абуджае цікавасць да работы з дрэвам. Праца гэта творчая. А арганізатараў сацыяльнага праекта ўжо назвалі “зялёны дазор”. І не без падстаў!
Усе работы хэндмэйд - з натуральнага матэрыялу. Прычым, у майстэрні працуюць выключна з адыходамі сталярнай вытворчасці ці спілаванымі дрэвамі. Так што праект яшчэ і экалагічны!
Тут бясплатна вучаць карыстацца сталярнымі інструментамі. Нярэдка праводзяць майстар-класы. Пасля такіх заняткаў можна з лёгкасцю рабіць кветкі са стружкі, шпакоўні, посуд…
У планах энтузіястаў, якія адкрылі сацыяльную экафабрыку, –навучаць рамяству людзей з абмежаванымі магчымасцямі, каб потым працаўладкаваць іх у дызайнерскай майстэрні.