У Брэсце нашэсце кажаноў

22 октября 2016

Звяркі залятаюць нават у дамы, на балконы, хаваюцца ў падвалах.

Прычыну такіх паводзін нечаканых гасцей разам з брэсцкімі навукоўцамі высвятляла Людміла Салдзіна. Гэтая брэсцкая шматпавярхоўка - адзін з адрасоў, якія аблюбавалі кажаны. Начныя звяркі камфортна размясціліся ў шчылінах паміж пад’ездамі, нават на балконы залятаюць. Паводзяць сябе нечаканыя госці спакойна. Адзінае, што стварае дыскамфорт для жыхароў, - гэта гучны піск.

Такую актыўнасць кажаноў спецыялісты тлумачаць проста - праз Брэсцкую вобласць пралягае міграцыйны калідор. Зараз звяркі перамяшчаюцца на зімоўку, і шматпавярхоўка, хутчэй за ўсё, стала для іх часовым прытулкам.

Кажаны толькі з выгляду падаюцца страшнымі. На самай справе гэтыя звяркі не ўяўляюць ніякай небяспекі для чалавека. Хутчэй, наадварот, прыносяць карысць.

Кажаны харчуюцца насякомымі - камарамі, мухамі, жучкамі. Толькі за гадзіну адна асобіна можа знішчыць да тысячы дробных шкоднікаў. На тэрыторыі Беларусі жыве больш за 20 відаў кажаноў. Многія з іх мігрыруюць. Ёсць сярод іх і чырванакніжнікі. У былым ваенным форце Брэсцкай крэпасці нават існуе біясферны заказнік “Барбастэла” з найбуйнейшай у Еўропе зімоўкай кажаноў. Тут сфарміраваўся спрыяльны пячорны клімат - з высокай вільготнасцю і неабходнай тэмпературай.

У Беларусі кажаны ахоўваюцца законам. Каб вывучаць маршруты жывёл, іх акальцоўваюць.

Дарэчы, кажаны, як і птушкі, мігрыруюць двойчы за год. Чарговая хваля чакаецца вясной. 



Зараз чытаюць