У Беларусі завяршаецца нарыхтоўка цукровых буракоў

2 Лістапада 2019

Лідарам па ўраджайнасці і тэмпах уборкі салодкага караняплода традыцыйна з’яўляецца Гродзенская вобласць. Тут збіраюць звыш 500 цэнтнераў з гектара, а сабраць засталося ўсяго каля 30% ад засеяных плошчаў. Паралельна з нарыхтоўкай ідзе адгрузка цукровых буракоў на перапрацоўчыя прадпрыемствы. Падрабязнасці ў Юрыя Карняловіча.

У СВК "Свіслач" цукровыя буракі - культура стратэгічная. Салодкі караняплод тут вырошчваюць даўно і паспяхова. Падабралі высокапрадукцыйныя сарты, вызначылі ўрадлівыя палеткі, як вынік - адна з самых вялікіх ураджайнасцяў у краіне. Строга вытрымліваюцца ўсе агранамічныя тэрміны, а сёлета яшчэ і надвор’е паспрыяла. Цёплая восень толькі дадала буракам цукрыстасці, а гэта дадатковыя сродкі ад перапрацоўшчыка.

На ўборцы цукровых буракоў задзейнічаны толькі адзін камбайн. Гэтага дастаткова, прызнаюцца ў гаспадарцы. Магутнасці тэхнікі дазваляюць без страт выкапаць караняплод усяго за некалькі тыдняў. А вопытны механізатар можа нават скараціць гэтыя тэрміны. Дарэчы, Дзмітрый Бажко за штурвалам ужо сёмы сезон. Адразу пасля вучылішча ў СВК яго паклікаў бацька, дарэчы, таксама механізатар. Разам працуюць да гэтага часу.

Ураджай цукровых буракоў перапрацоўваецца на Скідзельскім камбінаце. Аб’ёмы немалыя, плануюць нарыхтаваць больш за мільён тон салодкага караняплода, таму дзейнічаюць адразу некалькі прыёмных пунктаў.

Каб выключыць чэргі падчас здачы буракоў, на прадпрыемстве распрацавалі спецыяльны план пастаўкі. Для кожнай канкрэтнай гаспадаркі ўстаноўленыя штодзённыя нормы здачы караняплодаў.

З палёў жа цукровыя буракі плануюць сабраць да 10 лістапада. Задача, прызнаюцца аграрыі, вырашальная. Засталося выкапаць менш за 20% ад усіх плошчаў.