У Беларусі завяршаецца акцыя "Тыдзень лесу"

20 апреля 2019

Падчас рэспубліканскай акцыі, што ладзіцца ў краіне ўжо 12-ты раз, супрацоўнікі лясной гаспадаркі і валанцёры пасадзілі 20 мільёнаў дрэў. Акрамя гэтага, наведзены парадак на прыдарожных месцах адпачынку. Сёлета "Тыдзень лесу" прымеркаваны да Года малой радзімы і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У Талачынскім лясгасе за мінулыя сем дзён маладыя насаджэнні дрэў з’явіліся на плошчы 30 гектараў. З 2016 года гаспадарка цалкам забяспечвае сябе сеянцамі і саджанцамі, яшчэ і зарабляе на іх экспарце. "Зялёная" тэма - у рэпартажы Вольгі Маслоўскай.

Ранняя вясна падагнала не толькі аграрыяў, але і працаўнікоў лясных гаспадарак. Пасадка дрэў амаль завершана. У Талачынскім раёне з 215 гектараў, запланаваных пад плантацыі елак, дубоў і бяроз, да Тыдня лесу некранутымі заставаліся ўсяго 30 гектараў.

У глебу трапляюць сеянцы елкі еўрапейскай, вырашчаныя паводле новай, фінскай, тэхналогіі. У іх закрытая каранёвая сістэма. Вырошчваюць у спецыяльных касетах на працягу двух гадоў. Пры перасадцы такое дрэва не пашкоджваецца і шанцы, што сеянец прымецца і хутка пойдзе ў рост, куды большыя.

Каб дрэва магло саслужыць чалавеку добрую службу, павінна прайсці восем дзесяцігоддзяў. Спелы лес нахрыхтоўваюць і перапрацоўваюць у гаспадарцы ўласнымі сіламі. У студзені адкрылі цэх, навучылі людзей. Андрэй Паляжаеў трапіў на лесапілку з цэнтра занятасці. Каменшчык па адукацыі, хутка асвоіў новы від дзейнасці.

Увогуле на новай лініі створана 16 працоўных месцаў, за два месяцы выпусцілі 700 кубаметраў піламатэрыялаў, большасць адпраўлена на экспарт.

Ёсць у мясцовага лясгаса яшчэ адна - менш звыклая функцыя: адукацыйная. Штогод да пасадкі дрэў прыцягваюць валанцёраў, у школах расказваюць пра беражлівыя адносіны да навакольнага асяроддзя. А летась на ўскрайку райцэнтра абсталявалі экалагічную сцежку.

У мінулым годзе ўздоўж мясцовай лыжаролернай трасы супрацоўнікі лясгаса ўсталявалі вось такія інфармацыйныя аншлагі. Распавядаюць яны і пра насельнікаў лесу, пра дрэвы і расліны, убачыць якія можна непасрэдна тут. Для школьнікаў праводзяць экскурсіі, а дарослым прапануюць самастойны ўрок.

Тут і шпакоўні, мурашнікі, месцы адпачынку – своеасаблівая акадэмія прыроды расцягнулася на два з паловай кіламетры. Дарэчы, за мінулы тыдзень парадак наведзены не толькі на лясных прывалах. Змяніліся і вуліцы райцэнтра - туі, ядлоўцы, барбарыс, якія вырошчваюць у мясцовым лясгасе, упрыгожылі гарадскія паркі і газоны.