У Беларусі рэалізуецца праект "Быць бяспечным"

19 марта 2016

У Беларусі рэалізуецца праект Be safe, што ў перакладзе - “Быць бяспечным”. Спецыялісты з Італіі чытаюць лекцыі для ўдзельнікаў дарожнага руху - вадзіцеляў, пешаходаў і інспектараў, а таксама даюць практычныя рэкамендацыі па арганізацыі дарожнага руху. Як гэты праект рэалізуецца ў Гомелі - высветліў Яўген Пабалавец.

Праект “Быць бяспечным” рэалізуецца дзеля ўдасканалення арганізацыі дарожнага руху ў Беларусі. У праграме як тэарэтычная падрыхтоўка, так і практычныя рэкамендацыі. Вадзіцелям і пешаходам, магістрантам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту італьянскія спецыялісты чытаюць лекцыі наконт бяспекі дарожнага руху. І калі вадзіцелі і пешаходы проста атрымліваюць дадатковыя веды, то студэнты магістратуры ў найбліжэйшы час будуць прымяняць еўрапейскі вопыт на практыцы. Выпускнікі кафедры арганізацыі дарожнага руху, якая адкрылася ва ўніверсітэце 4 гады таму, працуюць інспектарамі ДАІ. І падтрымліваюць ідэі, вартыя пераймАння.

Сярод прапаноў, якія ўжо ўдалося рэалізаваць у Гомелі, кругавыя развязкі і пашырэнне вуліц. Як вынік - значнае зніжэнне колькасці ДТЗ, у якіх пацярпелі людзі.

Пашырэнне праезнай часткі да чатырох палос, дадатковыя астраўкі для высадкі пасажыраў. Пакуль новаўвядзенні ў якасці эксперыменту апрабоўваюць на некалькіх вуліцах. Станоўчая дарожная статыстыка - стымул арганізаваць рух такім чынам на ўсіх самых бойкіх гомельскіх магістралях.

У найбліжэйшы час рух на праблемных скрыжаваннях паблізу ад Гомеля арганізуюць па кругавым прынцыпе - дзеля зручнасці аўтамабілістаў. Кругавыя развязкі з'явяцца на ўсіх пад'ездах да абласнога цэнтра. Першымі ў чарзе - трасы Санкт-Пецярбург - Адэса і Брэст - Бранск.

Праект Be safe прыйшоў у Беларусь некалькі гадоў таму. Акрамя нашай краіны, ён рэалізуецца ў Вялікабрытаніі, Італіі і Грэцыі. На гэтыя мэты Еўрапейскі Саюз выдаткаваў амаль паўтара мільёна еўра.