У Беларусі атрыманы першы ўраджай агуркоў у цяпліцах

11 февраля 2017

Падрастае расада таматаў, перцаў, баклажанаў. Забяспечыць беларусаў агароднінай у халодны сезон – галоўная задача цяплічных камбінатаў краіны. Вольга Маслоўская адправілася на плантацыі гаспадаркі “Рудакова”. Гэта адзін з найбуйнейшых вытворцаў агародніны і зеляніны ў Беларусі. Плошчы аазіса – 18 гектараў. Вольга, бачу, у разгар зімы вы трапілі ў сапраўднае лета.

Расказвае Вольга Маслоўская.

Паўночнае ззянне над начным Віцебскам - неверагодна, але факт. Кожны вечар жыхары абласнога цэнтра любуюцца заравам, што ўздымаецца над паўднёвай часткай горада. Не здзіўляюцца, бо ведаюць - гэта зіхацяць гектары цяпліц.

У агароднікаў цяплічнага камбіната ніколі не бывае сезоннай дэпрэсіі. Гэта і зразумела, яны працуюць у тропіках. Нават калі за вокнамі слота і шэрасць, пад шкляным дахам цёпла і вільготна. Сонца, зразумела, штучнае. А вось загар у агароднікаў сапраўдны.

На вокнах – святлоадбівальныя шторы. З іх дапамогай у цяпліцах зберагаюць цяпло ў моцныя маразы. 20 гадзін за суткі пад яркімі лямпамі рэкорднымі тэмпамі растуць агуркі сорту “мева”. 4 гадзіны – адпачынак у поўнай цемры. У кожнай культуры свой распарадак дня.

Працоўны дзень у цяпліцах пачынаецца рана - трэба сабраць ураджай. Расаду высадзілі, як заўжды, напрыканцы снежня – і ўжо праз тры тыдні пачалі збор пладоў. Гэтай парой кожны дзень здымаюць па 7 тон агуркоў. Вясной будзе і таго больш.

Што тычыцца таматаў, то іх пара надыдзе толькі ў пачатку красавіка. Тут вырошчваюць гатунак “тарэра”. Яшчэ некалькі гібрыдаў праходзяць іспыты. Духмяныя суквецці салаты, базіліку, рукалы, кропу і пятрушкі трапляюць на прылаўкі кожныя 30 дзён.

Прамысловыя цяпліцы ў Віцебску з’явіліся у 70-х гадах. Цікавы факт: калі ў абласны цэнтр прыязджала першая жанчына-касманаўт Валянціна Церашкова, яна наведала перадавы цяплічны камбінат і нават пакінула запіс у кнізе ганаровых гасцей. З тых часоў тэхналогіі змяніліся: мінеральная вата замест грунту, індывідуальны паліў праз капельніцы і новыя экалагічныя метады барацьбы з хваробамі раслін. Вынік – больш за 60 кілаграмаў агародніны з квадратнага метра.

Больш за палову цяплічнай агародніны пастаўляюць за мяжу. Па віцебскія агуркі і памідоры прыязджаюць фуры з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Смаленска. Духмяныя суквецці базіліку і кропу – лепшае лякарства супраць сезоннай дэпрэсіі.