У Беларусі адзначылі 100-гадовы юбілей Кастрычніцкай рэвалюцыі

11 Лістапада 2017

Падчас святкавання ў аграгарадку Каханавічы адкрылі капсулу з пасланнем, якое было пакінута паўстагоддзя таму. Разам з тэкстам у капсуле захоўваліся і газеты. Над імі будуць працаваць спецыялісты. Пасля рэстаўрацыі рарытэтныя нумары стануць часткай экспазіцыі. Што адбывалася сто гадоў таму ў паўночным рэгіёне і як святкавалі першую гадавіну рэвалюцыі ў абласным цэнтры?

Хроніка падзей у рэпартажы Марыны Раманоўскай. Кастрычнік тысяча дзевяцьсот сямнаццатага. Стагоддзе таму ў Віцебску пражывалі каля ста тысяч чалавек, размяшчаўся саракатысячны гарнізон. Паведамленне пра тое, што ў Петраградзе адбылося ўзброенае паўстанне, да віцябчан прыйшло дваццаць шостага кастрычніка.

З гэтага часу Саборная плошча стала называцца плошчай Свабоды. Першы губернскі выканаўчы камітэт абралі ў лістападзе. Яго ўзначаліў Уладзімір Каралёў.

Першую гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Віцебску адзначалі вельмі маштабна. За дэкаратыўнае ўбранне адказвала спецыяльная камісія, якую ўзначальваў Марк Шагал. Галоўнымі элементамі ў афармленні сталі пано і яркія плакаты на палатне.

У гонар Кастрычніцкай рэвалюцыі адкрываліся помнікі і памятныя дошкі. Прозвішчы дзеячаў тых часоў і сёння жывуць у назвах вуліц і плошчаў абласнога цэнтра. Рэвалюцыйная тэма – адна з папулярных у асяроддзі калекцыянераў і даследчыкаў даўніны. Так, у Віцебскім музеі прыватнага калекцыянавання гэтымі днямі можна пабачыць буйны збор значкоў з выявай Леніна. 15 000 штук сабрана за 13 гадоў.

Парк культуры і адпачынку ў аграгарадку Каханавічы. У тысяча дзевяцьсот шэсцьдзесят восьмым з ініцыятывы кіраўніка мясцовай гаспадаркі, былога франтавіка пад плітой замуравалі капсулу часу. Прачытаць пасланне завяшчалі ў стагадовы юбілей Кастрычніцкай рэвалюцыі. Адкрыць капсулу даверылі ўдзельнікам мітынгу, падчас якога яна была закладзена шмат гадоў таму.

Над газетамі, якія разам з лістом захоўваліся ў капсуле, будуць працаваць спецыялісты. Пасля рэстаўрацыі рарытэтныя нумары стануць часткай музейнай экспазіцыі.

Жыхары аграгарадка напісалі і свой ліст нашчадкам. Завяшчалі заўсёды жыць у міры. Капсула будзе захоўвацца ў падмурку помніка Невядомаму салдату. Адкрыюць пасланне ў 2044 падчас юбілею вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 


Папулярныя

Рэкамендуемыя

Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя