У Беларусі распачаўся сезон летняга дзіцячага адпачынку

9 июня 2018

Ад паглыбленага вывучэння замежных моў да знаёмства са сферай ІТ. У Беларусі распачаўся сезон летняга дзіцячага адпачынку. Сёлета ў аздараўленчых цэнтрах Мінскай вобласці свае канікулы правядуць больш за 50 000 школьнікаў. Сярод іх і госці з Кітая, Сірыі і Японіі. Для таго каб адпачынак стаў як мага больш займальным, арганізаваныя профільныя і тэматычныя змены. Аляксандра Кавеліч правяла дзень у летнім лагеры.

Літаральна на вачах тут ажываюць саламяныя фігуры. У суседнім класе самыя малодшыя майструюць цацкі-сувеніры. Лагер пад Валожынам прыняў першых гасцей яшчэ ў канцы мая - адразу больш за трыста чалавек.

Каб канікулы прайшлі не толькі займальна, але і з карысцю, для школьнікаў арганізоўваюць профільныя і тэматычныя змены - ад вывучэння замежнай мовы да знаёмства са сферай ІТ. Тут акцэнт на актыўны адпачынак і экалагічную адукацыю.

Як сартаваць смецце і зберагаць электраэнергію… Свае экаідэі школьнікі ўвасабляюць у тэатральных пастаноўках і музычных шоу.

А тут замест звыклай лядовай пляцоўкі - лёгкаатлетычная дарожка. Аксель, фліп, більман юныя фігурысты старанна адпрацоўваюць і на летніх канікулах, каб узімку паказаць самыя высокія вынікі. Юныя плыўцы, баскетбалісты, канькабежцы і на канікулах падтрымліваюць добрую фізічную форму.

Экскурсіі, лінгвістычныя майстар-класы і спартыўныя турніры - адразу на трох мовах. На аздараўленне ў Беларусь прыехалі школьнікі з Кітая. Для іх гэта не проста адпачынак, але і пазнавальная паездка. Многія вывучаюць рускую мову.

У аздараўленчым цэнтры пад Мінскам пабудавалі сапраўдны мост дружбы - там таксама адпачываюць юныя беларусы і расіяне. Разам яны ўдзельнічаюць у творчых конкурсах, знаёмяць адно аднаго з культурай і традыцыямі сваіх краін. Дарэчы, сёлета нашу краіну таксама наведаюць школьнікі з Сірыі і Японіі.