У Беларусі пачалася кампанія па імунізацыі насельніцтва супраць грыпу

5 октября 2019

Сёлета плануюць прышчапіць не менш за 40 % насельніцтва краіны. Спецыялісты адзначаюць: менавіта вакцынацыя з’яўляецца найбольш эфектыўным метадам прафілактыкі грыпу. Асаблівая ўвага дзецям, састарэлым, людзям з хранічнымі захворваннямі. У Віцебскай вобласці падчас прышчэпачнай кампаніі працуюць больш за 230 мабільных груп. Яны абслугоўваюць вяскоўцаў, выязджаюць на прадпрыемствы. Вольга Маслоўская адправілася па маршруце з выязной брыгадай.

На календары кастрычнік, а значыць, паводле слоў спецыялістаў, надышоў самы ўдалы перыяд для вакцынацыі супраць грыпу. Год ад году менавіта ў сярэдзіне восені беларусы масава ідуць у паліклінікі па прышчэпкі. Жыхар Віцебска Аляксандр Іваноў прышчапляецца кожны год. Тлумачыць: ён вадзіцель, пастаянна кантактуе з людзьмі. Прадухіліць хваробу лягчэй, чым лячыць.

Сёлета на Віцебшчыне, як і па ўсёй краіне, плануюць прышчапіць 40 % насельніцтва. Дзеля гэтага набылі вакцыны трох вытворцаў: расійскі "Грыпол плюс", французскі "Ваксігрып" і галандскі "Інфлювак". Медыкі нагадваюць: страшны не сам грып, а ўскладненні пасля хваробы. У групе рызыкі - дзеці, састарэлыя, цяжарныя жанчыны, людзі з хранічнымі захворваннямі.

Каб прышчапіцца, не абавязкова ехаць ў паліклініку. Імунізацыю супрацоўнікаў праводзяць на прадпрыемствах, а вяскоўцаў па прышчэпку запрашаюць у фельдшарска-акушэрскія пункты. З надыходам сезона вакцынацыі іх некалькі разоў на тыдзень наведваюць мабільныя брыгады медыкаў - спецыялісты прывозяць вакцыну і праводзяць агляд жадаючых прышчапіцца. Сёння медыкаў чакалі ў аграгарадку Вароны.

У зоне абслугоўвання Варонаўскага ФАП - паўтары тысячы чалавек. Палова - гэта працоўнае насельніцтва, 200 дзяцей. Летась прышчэпкі ад грыпу атрымалі 80 % жыхароў.

Аляксандр Арлоў па прышчэпку прыйшоў у ліку першых. На здароўе пенсіянер не скардзіцца, але гады бяруць сваё. Кажа: лепш падтрымаць імунітэт з восені, каб ўзімку не хварэць.

Мабільных брыгад, што задзейнічаны ў імунізацыі насельніцтва ад грыпу, на Віцебшчыне больш за 230. Прышчэпку можна зрабіць да 1 снежня. Імунітэт супраць захворвання захаваецца на працягу шасці-дванаццаці месяцаў.