У Беларусі рыхтуюцца да маштабнага перапісу насельніцтва

29 сентября 2018

Ужо праз год гэтыя людзі прыйдуць у дом кожнага. Перапісчыкі. У Беларусі рыхтуюцца да маштабнага перапісу насельніцтва. Традыцыйна такая кампанія праходзіць раз у 10 гадоў. На гэты раз жыхароў нашай краіны папросяць адказаць на 49 пытанняў. Ёсць і шэраг інавацый. Спецыялісты падчас апытання будуць выкарыстоўваць планшэты, таксама прапануюць адказаць на пытанні ў рэжыме анлайн. Усяго ў кампаніі плануюць задзейнічаць каля 13 тысяч перапісчыкаў. Аднак ужо ў лістападзе каля тысячы чалавек правераць адрасныя гаспадаркі і аншлагі на будынках. Што гэта такое і для чаго гэта робіцца, калі да старту афіцыйнага перапісу яшчэ больш за 13 месяцаў. Матэрыял - Аляксандра Хараўца.

Бэйдж, сумка праз плячо і гаджэт у руках. Гэта прыкметы рэгістратараў, якія ў лістападзе абавязкова затрымаюцца ля кожнага дома краіны. Такім чынам спецыялісты праінспектуюць адрасныя гаспадаркі. Прасцей кажучы, правераць дамы, у якіх пражываюць або могуць пражываць людзі. Усю атрыманую інфармацыю тут жа зафіксуюць на планшэтах.

На працягу 19 дзён лістапада Антон Мучкоўскі, як і яшчэ каля 180 рэгістратараў, штодзень будуць абыходзіць не менш за сем соцень домаўладанняў. Асобную ўвагу спецыялісты будуць звяртаць на так званыя аншлагі - таблічкі з назвамі вуліц і нумарамі будынкаў. І ўсё ж рэгістратары не заўсёды могуць вызначыць дакладны адрас. Бо наяўнасць інфармацыйнай шыльды на будынках у прыватным сектары не абавязковая. Растлумачыць людзям неабходнасць зрабіць гэта можна толькі словам і ўласным прыкладам, кажа старшыня Бараўлянскага - самага вялікага ў краіне сельсавета. У выніку толькі за год тут усталявалі каля 250 паказальнікаў вуліц.

Усяго ж у перапісной кампаніі прымуць удзел каля 13 тысяч спецыялістаў. Сярод новаувядзенняў - электронны апытальнік на планшэце, які паскорыць правядзенне інтэрв'ю рэспандэнтаў мінімум у тры разы. Акрамя таго ўпершыню спытаюць жыхароў краіны і аб сельскагаспадарчай дзейнасці. Апытанне можна будзе прайсці і анлайн.

Праўда, пакуль інтэрнэт-апытальнік яшчэ не да канца сфарміраваны, адзначаюць спецыялісты. Аднак завяршыць усе працы ў статкамітэце абяцаюць у наступным годзе.

І калі ў рэспандэнтаў будуць узнікаць пытанні да інтэрнэт-апытальніка або да асобы перапісчыкаў, то жыхары краіны без праблем змогуць патэлефанаваць на гарачыя нумары Белстата і ўдакладніць неабходную інфармацыю. Званок будзе бясплатным.

Адзначым, летась перапіс насельніцтва прайшоў. Праўда толькі пробны і ў Маладзечанскім раёне. Падчас гэтай кампаніі спецыялісты праверылі ўсе новаўвядзенні, а таксама скарэкціравалі некаторыя пытанні, якія будуць задаваць рэспандэнтам. Афіцыйная перапіс стартуе 4 кастрычніка 2019 года і завершыцца напрыканцы месяца.

Перапісчыкі папросяць адказаць людзей на 49 пытанняў. І чакаюць толькі сумленных адказаў. Атрыманую інфармацыю выкарыстаюць толькі для статыстыкі. Што ж тычыцца вынікаў, то першапачаткова іх падвядуць праз тры месяцы. А вось на апрацоўку ўсіх даных Белстату патрабуецца прыкладна паўтара года.