У Беларусі ёсць калекцыянеры, якія збіраюць цэглу

7 октября 2017

Гісторыя краіны праз прызму архітэктуры. У Беларусі налічваецца амаль два дзясяткі калекцыянераў, якія збіраюць… цэглу. Самая вялікая калекцыя гэтага будаўнічага матэрыялу сабрана краязнаўцам з Ліды Аляксеем Часцяковым. А жыхар Брэста Сяргей Грэнь плануе стварыць першы ў краіне прыватны музей цэглы на сваім прысядзібным участку. Аб чым можа расказаць такая экспазіцыя? – даведалася Вікторыя Патоня.

Вось такі знак якасці ў 19 – пачатку 20 стагоддзя вытворца абавязаны быў ставіць на кожным дзясятым экзэмпляры. Прадпрыемства лёгка было знайсці, таму ў якасці ўсе былі зацікаўлены. Адметныя знакі можна ўбачыць на фасадзе яўрэйскай бальніцы, корпусе ўніверсітэта, у старым квартале горада. Такія на першы погляд непрыметныя дэталі архітэктуры здольны абудзіць цікавасць да гісторыі, перакананы краязнавец Іван Чайчыц. Калекцыяніраваннем важкіх экспанатаў ён заняўся амаль 7 гадоў таму. Гаворыць, у горадзе можна сустрэць эксклюзіўныя экзэмпляры як з мясцовых заводаў, так і лепшых заходнееўрапейскіх вытворцаў. Асабліва цэніцца цэгла старажытнага Бярэсця.

Адзін з такіх рэдкіх сведкаў мінулага захоўваецца ў офісе брэсцкай фірмы, якая займаецца абследаваннем пабудоў. Спецыялісты не адпраўляюць цэглу на сметнік, а збіраюць калекцыю. Яны могуць дакладна сказаць, дзе, як і калі быў знойдзены пэўны артэфакт.

Сучасныя будаўнікі могуць пазайздросціць і гэтым экспанатам, знойдзеным на месцы штаба артпалка Брэсцкай крэпасці. Зараз на яго месцы будуецца маладзёжны патрыятычны цэнтр.

Экспазіцыя ў офісе з’явілася хоць і выпадкова, але пастаянна папаўняецца. На паліцах – эксклюзіўныя будаўнічыя артэфакты.

Адзін з самых цікавых экзэмпляраў у калекцыі, яго можна нават пакаштаваць на смак - гэта цэгла з солі. Знойдзена пры абследаванні шляхецкай сядзібы на Палессі. На думку спецыялістаў, з такога матэрыялу быў пабудаваны асобны пакой. Для аздараўлення.

Ніякага тынку, толькі натуральная кладка. Сёння ў дэкоры кватэр, офісаў і кафэ папулярны стыль лофт. Некаторыя дызайнерскія фірмы спецыяльна купляюць цэглу з кляймом, каб затым выкарыстаць яе пры аздабленні інтэр’ераў.

Калекцыяніраванне цэглы – справа нярэдкая. У некаторых краінах створаны нават цэлыя музеі. Магчыма, у хуткім часе такі аб’ект з’явіцца і ў Беларусі.