У акцыянерным таварыстве “Белавежскі” ўвялі ў строй новы малочна-таварны комплекс

9 января 2016

Стаўка – на малако. У акцыянерным таварыстве “Белавежскі” ў Камянецкім раёне ўвялі ў строй новы малочна-таварны комплекс. Разлічаны на тысячу галоў дойнага статка, комплекс павінен стаць вызначальным у павелічэнні аб’ёмаў вытворчасці малака ў гаспадарцы.

Расказвае Праскоўя Якіменка: Комплекс будавалі менш чым два гады. Тэрмін рэкордны для такога аб’екта. На малако ў “Белавежскім” робяць стаўку. Толькі ў 2015 годзе ад рэалізацыі прадукцыі экстра-класа атрымалі больш за 123 мільярды рублёў. І гэта - 15% ад агульнага аб'ёму даходу на прадпрыемстве.

Пачалі абжываць комплекс паступова, па меры гатоўнасці памяшканняў. Сёння – гэта два цялятнікі, тры кароўнікі, а таксама сучасная аўтаматызаваная даільная зала “Карусель”, якая дазваляе атрымліваць малако высокага гатунку.

Сёння пагалоўе ў “Белавежскім” - больш за 3 тысячы 200 жывёл. 30% будуць знаходзіцца ў новым комплексе. Статак тут плануюць павялічыць да трох з паловай тысяч галоў і выключна за кошт маладняку.

Аляксандр Жураўлёў у “Белавежскі” прыехаў са Столінскага раёна. Завітаў у госці да сястры і застаўся. Адразу атрымаў інтэрнат. Заробак таксама добры.

Таццяна Мілер - даярка з пятнаццацігадовым вопытам. Адзначае, у “Белавежскім” створаны ўсе ўмовы для працы. Сродкі ўкладзены не дарэмна. Дарэчы, будаўніцтва вялося гаспадарчым спосабам. І з выдаткаваных 97 мільярдаў 32 - уласныя сродкі.

Удасканаленне – у аснове вытворчасці. Як вынік: “Белавежскі” сёння шматпрофільнае, інтэграванае аграпрамысловае аб’яднанне з замкнутым цыклам дзейнасці, з жывёлагадоўчымі комплексамі, уласнымі камбікормавым заводам і мясакамбінатам, развітой уласнай сеткай фірменнага гандлю.