Павялічваецца ў рэгіёнах колькасць ахвотнікаў пачаць аграбізнес

26 мая 2018

Для гэтага створаны ўсе ўмовы з боку дзяржавы. Выдзяляецца бясплатна зямля, неабходную тэхніку набыць можна ў лізінг. На развіццё справы выдаюцца і льготныя крэдыты. Перспектывы сельскагаспадарчага бізнесу ў Гродзенскай вобласці ацаніў Юрый Карняловіч.

Пра свае палеткі Эдмунд Саковіч можа расказваць гадзінамі. Дзе што расце і які плануецца ўраджай, фермер ведае дасканала. І гэта не дзіўна, у сваёй гаспадарцы ён і аграном, і механізатар, і нават інжынер-канструктар.

Праблем з тэхнікай у гэтай гаспадарцы не ўзнікае. Фермер сваімі рукамі змайстраваў чатыры вось такія трактары, якія некалькі год спраўна працуюць на палетках.

За 16 гадоў, прызнаецца гаспадар, прыйшлося асвоіць не адну прафесію. Адсюль і вынікі - у раёне Эдмунд Іосіфавіч заўсёды ў лідарах. На сваёй пясчанай зямлі вырошчвае рэкордныя ўраджаі.

Працаваць на зямлі фермеру даводзіцца круглы год. Летам даглядае палеткі, зімой праца кіпіць у цяпліцах. Памідоры, агуркі і цыбуля - асаблівы гонар для гаспадара. Праўда, без дапамогі жонкі і дзяцей, прызнаецца, з такой задачай не справіўся б. Тут за кожным каліўкам асаблівы догляд патрэбен.

Прадукцыя Эдмунда Саковіча запатрабаваная не толькі ў сваім раёне. Агародніну ён пастаўляе ў сацыяльныя ўстановы, бальніцы і інтэрнаты па ўсёй вобласці. Рэшткі прадае на мясцовых рынках.

Зусім іншая справа ў суседняй фермерскай гаспадарцы. Браты Вітукевічы вярнуліся на сваю малую радзіму з райцэнтра. Аграбізнес арганізавалі з размахам. Усяго праз некалькі гадоў пасля ўтварэння гаспадаркі выйшлі з прадукцыяй на расійскі рынак. Праца, прызнаюцца, складаная, аднак дзякуючы ў тым ліку і дзяржаўнай падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ўдаецца заставацца на плаву.

Актыўнаму развіццю фермерства ў Гродзенскай вобласці і ў цэлым ў рэспубліцы спрыяе максімальна спрошчаная працэдура рэгістрацыі і далейшая падтрымка такіх гаспадарак з боку дзяржавы. На сённяшні дзень колькасць фермерскіх гаспадарак у рэспубліцы набліжаецца да 3 тысяч. Яны вырабляюць 3 % усёй валавой прадукцыі. А ў некаторых сферах (такіх, як агародніцтва) ўвогуле займаюць пазіцыі лідара сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў краіны.