Ураджай чарніц у Гомельскай вобласці ў некалькі разоў перавысіў леташні

21 июля 2018

Ураджай чарніц у Гомельскай вобласці ў некалькі разоў перавысіў леташні

Жыхары рэгіёна актыўна збіраюць чарніцы, прадаюць на рынках і здаюць нарыхтоўшчыкам. Пры гэтым не абыходзіцца без радыяцыйнага кантролю: Гомельская вобласць больш за ўсіх у краіне пацярпела ад чарнобыльскай катастрофы. Наколькі ахвотна чарніцы з гомельскіх лясоў купляюць замежныя кампаніі і колькі можна на іх зарабіць - даведвалася Ганна Кавалёва.

Усё, як на прыёме ва ўрача. Спецыяліст у белым халаце задае пытанні, праводзіць аналізы. На ўзровень радыяцыі правяраюцца лясныя грыбы і ягады. Часты госць у лабараторыі зараз чарніцы. Спецыялісты правяраюць іх перад допускам на гандлёвыя паліцы цэнтральнага рынку.

Лабараторыі ёсць амаль пры кожным рынку. Праверка бясплатная. Ахвотнікаў зарабіць на чарніцах хапае. Некаторыя дзеля гэтага спецыяльна бяруць водпуск.

Тым больш што грошы - літаральна пад нагамі. У лесе ўжо з пяці раніцы. Збіраць можна толькі рукамі. Інакш замест заробку - штраф, амаль паўтысячы рублёў.

І калі адны ідуць на рынак, каб зарабіць, другія адразу ўсё здаюць нарыхтоўшчыкам. Тым больш што па заяўках насельніцтва скупшчыкі самі прыязджаюць у лес, каб забраць ягадны ўлоў. Па ўсёй вобласці - 18 перасоўных прыёмных пунктаў. Стацыянарных - у 5 разоў больш. Аблспажыўсаюз прапануе 3-4 з паловай рублі за кіло. За дзень можна зарабіць каля 100 рублёў.

У патэнцыяльна небяспечныя з-за радыяцыі раёны нарыхтоўшчыкі нават не спрабуюць ездзіць. У забруджаных лясах дазіметрычны экзамен чарніцы могуць не прайсці. Нарматыў унутры краіны па радыяцыі жорсткі. Не больш за 185 бекерэляў.

У гэтым вялізным халадзільніку - 40 тон чарніц з палескіх лясоў. 20 з іх у найбліжэйшыя дні адправяцца ў Еўропу.

Нашы чарніцы з задавальненнем купляе Польшча і Прыбалтыка. Летась туды адгрузілі 120 са 150 нарыхтаваных тон. Дарэчы, ураджай гэтага года прадказвае павелічэнне валютнага прыбытку. Ягад у лесе амаль у 3 разы больш, чым у 2017-м. На сёння нарыхтавана 160 тон чарніц. І гэта ўжо больш, чым за ўсё лета мінулага года.