Узровень вады ў рэках Гомельскай вобласці працягвае павышацца

4 марта 2017

На некаторых вадаёмах да небяспечнага ўзроўню - ўсяго некалькі дзясяткаў сантыметраў. Гэта яшчэ не паводка, але сіноптыкі ўпэўнены – сёлета на большасці рэк вада выйдзе на пойму.

Імавернасць прыходу ў рэгіён вялікай вады ацаніла і Вольга Халадовіч. Снежная зіма, вільготная глеба і адліга – рэкі Гомельскай вобласці адпаведна адрэагавалі на прыродныя фактары. Рост узроўню вады ў Сожы, Дняпры і Бярэзіне значны - ад 5 да 20 сантыметраў. Пра маштабную паводку гідролагі пакуль не кажуць, але прагназуюць, што вада выйдзе на пойму на большасці рэк.

Дарэчы, для Гомельскай вобласці, лічаць спецыялісты, паводка - добры знак. Апошнія гады ў рэгіёне адзначаны засухай. У калодзежах не засталося вады, у рэках скарацілася колькасць рыбы, пакутуюць пасевы.

Апошні раз вялікая вада прыходзіла ў Гомельскі парк у 2013. Тады яе ўзровень перавысіў небяспечны на паўтара метра. Вось гэтая набярэжная цалкам пайшла пад ваду.

Сёлета такой паводкі сіноптыкі не прагназуюць, але ратавальнікі гатовыя да любога развіцця сітуацыі. Тым больш што ў Гомельскай вобласці служба МНС мае ўсю неабходную тэхніку.

Што з’яўляецца для ўсіх сапраўдным галаўным болем, дык гэта аматары рыбнай лоўлі. Нягледзячы на шматлікія папярэджанні, колькасць рыбакоў на ўсё больш тонкім лёдзе практычна не змяншаецца. А сіноптыкі нагадваюць - з-за цёплага надвор'я, дажджу і туману лёд вельмі хутка становіцца тонкім і крохкім. Там, дзе яшчэ ўчора яго таўшчыня была 30 сантыметраў, на наступны дзень можа застацца ўсяго 5.