Унікальны і першы ў Беларусі музей велікоднай пісанкі

22 апреля 2017

Унікальны і першы ў Беларусі музей велікоднай пісанкі адкрыты недалёка ад Гродна – у мястэчку Сапоцкін. І гэтыя ўзоры на шкарлупіне яек не проста мастацкія фантазіі – сапоцкінская пісанка ўнесена ў Спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў. Як арганізатары збіралі яечныя экспанаты і навошта музею ржавыя цвікі, дубовая кара і электрычная плітка – усе падрабязнасці ў Дзмітрыя Смірнова.

Мастацкія ўзоры на шкарлкпіне – традыцыя, якую захоўвае не адно пакаленне, а сама тэхналогія вырабу сапоцкінскіх пісанак ўключана ў Спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў краіны.

Падобныя майстар-класы не толькі для мясцовых дзяцей, але і для замежных турыстаў. У велікодным музеі ў штат запісаны сапраўдныя майстры пісанкі. І для іх тут ёсць ўсё неабходнае: цвікі-пэндзлікі, электрычныя пліткі, на якіх фарбуюць яйкі, і, канешне, самае важнае – калекцыя!

Гэтыя экспанаты збіралі больш за 5 гадоў з некалькіх навакольных вёсак. Самаму старому з іх на гэты Вялікдзень споўнілася ўжо 17 гадоў. Цікавая акалічнасць - пісанкі тут робяць не толькі з курыных, але і з індычных і нават страусавых яек.

Дакладная лічба экспанатаў – 425 яек. Усе сапраўдныя, драўляныя тут размалёўваюць у большасці на сувеніры для турыстаў. На сценах усе магчымыя ўзоры сапоцкінскіх пісанак. А для майстроў гэтая вясновая пара самая спякотная. Без уліку майстар-класаў толькі для родных і блізкіх Антаніна Юрчэня размалявала больш за 50 яек.

Малюнак наносіцца гарачым воскам, потым будучая пісанка фарбуецца. Рэцэпт фарбы перадаецца з пакалення ў пакаленне не першае стагоддзе. А па пераліку інгрыдыентаў больш нагадвае зелле чараўніцы.

Працэс сапраўды доўгі – настойваць велікодную фарбу ў мястэчку пачынаюць ажно з пачатку Вялікага посту і да самога свята Уваскрэсення Хрыстовага.

Арганізатары музея ў гэтым сезоне плануюць яшчэ некалькі культурных адкрыццяў на тэрыторыі Аўгустоўскага канала. Хутка тут з’явяцца музеі гарадзенскага рушніка і керамікі. Ва ўсіх выпадках галоўнае тое, што можна будзе не толькі аглядаць экспазіцыі, але і сваімі рукамі ткаць і ляпіць. 



Зараз чытаюць